Беларуская Служба

У Германіі можна набыць у краме хуткі тэст на каранавірус

07.03.2021 08:36
Тэсты прызначаны для хатняга выкарыстання і каштуюць каля 25 еўра.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/fernandozhiminaicela/CC0 Creative commons

У Германіі можна набыць у краме хуткія тэсты на наяўнасць каранавіруса. Тэсты прызначаны для хатняга выкарыстання і каштуюць каля 25 еўра.

Як пішуць нямецкія СМІ, кожны кліент можа набыць толькі адну ўпакоўку, у якой знаходзіцца пяць тэстаў. Аднак у некаторых берлінскіх крамах запасы былі вычарпаныя ўжо праз некалькі гадзін. Вынікі аналізаў на САРС-CoV-2 вядомыя праз 15 хвілін. Паводле інфармацыі вытворцы, яны павінны быць надзейнымі на 96 адсоткаў. Дагэтуль экспрэс-тэсты мог праводзіць толькі падрыхтаваны медычны персанал.

Міністр аховы здароўя заявіў, што ўрад замовіў не менш за 800 мільёнаў экспрэс-тэстаў. Больш за тое, з сярэдзіны сакавіка кожны пацыент будзе мець права на адзін бясплатны тэст раз у тыдзень у паліклініцы.

Экспрэс-тэсты на каранавірус з'яўляюцца часткай стратэгіі паступовай адмены жорсткіх санітарных нормаў у Германіі. Рэстараны і музеі не працуюць да 28 сакавіка. У той жа час ужо падрыхтавана праграма паэтапнай адмены супрацьэпідэмічных мераў. Між іншым, у панядзелак адкрыюцца кнігарні.

ІАР/нг