Беларуская Служба

Прэзідэнты краін Еўрапейскага Саюза просяць еўрапейцаў далучыцца да дыскусіі пра будучыню супольнасці

08.05.2021 08:56
Палітыкі апублікавалі сумесны ліст па гэтым пытанні. 
.
.GregMontani/pixabay.com/CC0

Прэзідэнты краін Еўрапейскага Саюза сумесна звяртаюцца да жыхароў супольнасці з просьбай далучыцца да дыскусіі пра будучыню Еўропы. Палітыкі апублікавалі сумесны ліст па гэтым пытанні. Гэта адбылося напярэдадні дэбатаў на гэтую тэму ў Страсбургу.

Пад лістом стаяць подпісы 21 прэзідэнта, у тым ліку польскага Анджэя Дуды, французскага Эманюэля Макрона і нямецкага Франка-Вальтэра Штайнмаера. Палітыкі пішуць, што пандэмія COVID-19 нагадала еўрапейцам пра важнасць здароўя, адносін да прыроды, салідарнасці і сумеснай працы. «Пандэмія таксама паказала сілу еўрапейскай інтэграцыі, а таксама яе слабыя бакі», – падкрэсліваюць яны.

Прэзідэнты заклікаюць як мага больш людзей далучыцца да дэбатаў пра будучыню Еўрапейскага Саюза. Першая нагода будзе заўтра, у Дзень Еўропы ў Страсбургу, падчас першай сустрэчы з серыі «Канферэнцыя аб будучыні Еўропы». У ёй, акрамя палітыкаў, павінны прыняць удзел грамадскія лідары, актывісты і моладзь. Увесь цыкл павінен стаць магчымасцю прыслухацца да галасоў грамадзян Саюза і дапамагчы ў стварэнні плана рэформаў ЕС.

Прэзідэнты пішуць у лісце, што найбольш важнымі праблемамі для Еўрасаюза сёння з'яўляюцца кліматычны крызіс, эканамічная канкурэнтаздольнасць Еўропы і лічбавыя пераўтварэнні. Яны дадаюць, што, нягледзячы на слабасць ЕС, кожнаму з яго членаў будзе значна цяжэй дзейнічаць у адзіночку. Палітыкі сцвярджаюць, што еўрапейцам неабходны моцны і эфектыўны Саюз, і той, з якім можа ідэнтыфікавацца кожны.

Заўтрашняя канферэнцыя ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу павінна адкрыць шэраг дэбатаў, запланаваных на наступныя два гады.

ав