Беларуская Служба

ЗША патрабуюць санкцый ААН супраць Паўночнай Карэі

13.01.2022 09:25
Гэта павінен быць адказ ААН на нядаўнія выпрабаванні ракет, праведзеныя Паўночнай Карэяй.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Злучаныя Штаты Амерыкі патрабуюць увядзення дадатковых санкцый супраць Паўночнай Карэі ў адказ на нядаўнія выпрабаванні ракет. Раней Вашынгтон абвясціў аб уласных санкцыях супраць тых, хто мае дачыненне да паўночнакарэйскай праграмы балістычных ракет.

Пра амерыканскую прапанову ўвесці санкцыі супраць Пхеньяна паведаміла амбасадар ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд. «Злучаныя Штаты прапануюць санкцыі ААН у адказ на шэсць выпрабаванняў балістычных ракет з верасня 2021 года, з якіх кожнае парушае рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН», – напісала яна ў Твітары.

У чым будуць заключацца дадатковыя санкцыі ААН амбасадар не ўдакладніла. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яны будуць падобнымі на тыя, якія ўчора ўвяла адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна. Міністэрства фінансаў ЗША ахапіла імі некалькіх грамадзян Паўночнай Карэі, аднаго грамадзяніна Расіі і адну расійскую кампанію.

Вашынгтон абвясціў аб санкцыях на наступны дзень пасля таго, як карэйскія СМІ паведамілі, што Кім Чэн Ын асабіста назіраў за выпрабаваннем гіпергукавой ракеты. Па словах прадстаўнікоў Паўднёвай Карэі і Японіі, верагодна, гэта была балістычная ракета.

IAR/аз