Беларуская Служба

У сувязі з пандэміяй прэм'ер Новай Зеландыі адтэрмінавала сваё вяселле

23.01.2022 16:33
Грамадзяне Новай Зеландыі спадзяваліся, што прэмʼер Джасінда Ардэрн выйдзе замуж у бліжэйшыя тыдні.
      , 2018 .
Джасінда Ардэрн і ейны партнёр Кларк Гейфард, 2018 год.By Government House / Governor-General of New Zealand - 2018 Bledisloe Reception, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=69974294

Прэмʼер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн абвясціла ў нядзелю, што з-за новых санітарна-эпідэмічных абмежаванняў, прынятых яе ўрадам, яна была вымушаная адтэрмінаваць сваё вяселле. Дата цырымоніі пакуль не вызначаная, але, як паведамляе агенцтва AFP, грамадзяне Новай Зеландыі чакалі, што прэмʼер выйдзе замуж у бліжэйшыя тыдні.

«Майго вяселля цяпер не будзе», – сказала Джасінда Ардэрн, маючы на ўвазе новыя абмежаванні, у тым ліку ўвядзенне абмежавання на колькасць удзельнікаў імпрэзаў да 100 чалавек.

«Я толькі што далучылася да многіх іншых новазеландцаў, якія мелі падобны вопыт з-за пандэміі, і прашу прабачэння перад усімі, хто сутыкнуўся з такім сцэнарыем», – дадала яна.

Новыя абмежаванні ў Новай Зеландыі дзейнічаюць ад нядзелі, а іх увядзенне было звязана з выяўленнем дзевяці выпадкаў заражэння амікрон-штамам у адной сямʼі. Сямʼя ездзіла паміж некалькімі гарадамі, а каранавірусныя інфекцыі былі выяўленыя таксама ў экіпажу самалёта, на якім яна лётала. Абмежаванні павінны дзейнічаць як мінімум да канца наступнага месяца.

У Новай Зеландыі да гэтага часу зарэгістравана 15 104 выпадкі каранавіруснай інфекцыі і 52 выпадкі смерці асобаў, заражаных каранавірусам.

PAP/аз