Беларуская Служба

Reuters: Магілы пад Ізюмам могуць стаць найбуйнейшым ваенным масавым пахаваннем у еўрапейскіх краінах з часоў Югаславіі

17.09.2022 09:05
На целах забітых у Ізюме ёсць сляды катаванняў.
Украінскія рабочыя выносяць выкапаныя целы з магіл у Ізюме PAP/EPA/OLEG PETRASYUK

450 магіл пад Ізюмам, лакалізаваных пасля вызвалення горада ад расійскіх акупантаў, нагадваюць пра злачынствы супраць мірнага насельніцтва, учыненыя ў Бучы і іншых гарадах пад Кіевам. На целах забітых у Ізюме ёсць сляды катаванняў.

Агенцтва Reuters мяркуе, што магілы пад Ізюмам могуць стаць найбуйнейшым ваенным масавым пахаваннем у еўрапейскіх краінах з часоў канфліктаў у былой Югаславіі ў 1990-х гадах.

Паводле ўступнай інфармацыі, сярод пахаваных ёсць як жыхары, якія загінулі ад ракетнага абстрэлу горада, так і забітыя ўкраінскія вайскоўцы, а таксама людзі, якія сталі ахвярамі катаванняў. Украінскія ўлады перакананыя, што гэтае месца стане доказам ваенных злачынстваў, учыненых расійскай арміяй на акупаваных цягам апошніх месяцаў тэрыторыях. Ізюм, да вайны 50-тысячны горад, у красавіку апынуўся пад расійскай акупацыяй.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запэўніў, што злачынствы расіян ва Украіне дэталёва задакументаваныя. Ён падкрэсліў, што свет павінен цвёрда рэагаваць на іх, у тым ліку шляхам далейшага ўзмацнення жорсткасці санкцый і прызнання Расіі краінай-спонсарам тэрарызму.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўжо ёсць доказы незвычайнага жорсткага абыходжання з людзьмі з боку акупантаў, пра што сведчыць, у тым ліку, брацкая магіла выяўленая ў вызваленым горадзе Ізюм:

-На брацкім пахаванні ў Ізюме праводзіцца эксгумацыя. Пакуль устаноўлена, што там пахавана больш за 440 чалавек, даследаванні працягваюцца. Мы ўжо маем відавочныя доказы катаванняў і зневажальнага абыходжання з людзьмі. Больш за тое, таксама ёсць доказы таго, што расійскія вайскоўцы, якія знаходзіліся паблізу месца масавых пахаванняў, расстралялі целы дзеля забавы. Свет павінен на гэта рэагаваць. Расія паўтарыла ў Ізюме тое, што зрабіла ў Бучы. Зараз мы высвятляем праўду пра тое, што адбывалася ў Харкаўскай вобласці падчас расійскай акупацыі.

Уладзімір Зяленскі пазітыўна ацаніў падрыхтаваную Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый місію па абследаванні масавага пахавання ў Ізюме. Ён запэўніў журналістаў, што ў іх будзе свабодны доступ на вызваленыя тэрыторыі, у тым ліку на месцы жорсткага абыходжання з людзьмі.

ав

Контрнаступ у Харкаўскай вобласці спарадзіў цэлую хвалю адмоваў расіян ад удзелу ў баявых дзеяннях

16.09.2022 16:23
Не ад добрага жыцця Прыгожын вярбуе ў калоніях на вайну забойцаў і бандытаў, а нават канібалаў.