Беларуская Служба

Ва Украіне забароняць рэлігійныя арганізацыі, звязаныя з цэнтрамі ўплыву ў Расіі

02.12.2022 12:36
СБУ працягвае правяраць аб'екты Маскоўскага патрыярхату ва Украіне, праваахоўнікі праводзяць ператрусы ў манастырах у трох вобласцях.
Ілюстрацыйны здымакфота: pixabay.com/CCO/Free-Photos

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб забароне ва Украіне рэлігійных арганізацый, звязаных з цэнтрамі ўплыву ў Расіі.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на ўказ №820 ад 1 снежня, апублікаваны на сайце Офісу прэзідэнта.

Такім чынам Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне РНБА «Аб асобных аспектах дзейнасці рэлігійных арганізацый ва Украіне і прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый)».

Прэзідэнт даручыў Кабінету міністраў у двухмесячны тэрмін распрацаваць і ўнесці на разгляд парламента законапраекты аб абмежаванні і забароне кіруемых РФ рэлігійных арганізацый. Таксама ўрад павінен праверыць падставы і ўмовы, паводле якіх рэлігійныя арганізацыі карыстаюцца маёмасцю Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка.

Дзяржаўнай службе па этнапалітыцы і свабодзе сумлення было даручана ў двухмесячны тэрмін правесці экспертызу Статута аб кіраванні Украінскай праваслаўнай царквы на наяўнасць царкоўна-кананічнай сувязі з Маскоўскім патрыярхатам.

СБУ і паліцыі даручылі актывізаваць праверкі па супрацьдзеянні падрыўной дзейнасці расійскіх спецыяльных службаў у рэлігійным асяроддзі Украіны.

Нагадаем, учора Уладзімір Зяленскі паведаміў, што РНБА ініцыюе забарону рэлігійных арганізацый, звязаных з Расіяй.

Таксама адзначым, што СБУ працягвае правяраць аб'екты Маскоўскага патрыярхату ва Украіне, праваахоўнікі праводзяць ператрусы ў манастырах у трох вобласцях. Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату адкрыта падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны.

нг