Беларуская Служба

Вайна ва Украіне — гэта яшчэ і вайна за тытан

30.01.2023 13:42
Гэты метал патрэбны для перадавых вайсковых і касмічных тэхналогій.
Тытанфота: US gov/Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=94937

Тытан — гэта лёгкі, але трывалы метал, які выкарыстоўваецца пры распрацоўцы сучасных вайсковых знішчальнікаў, верталётаў, караблёў, танкаў, ракет вялікай далёкасці, касмічных апаратаў і многіх іншых тэхналогій.

Выданне Newsweek піша, што абаронная прамысловасць мае вялікую патрэбу ў бесперабойных пастаўках тытану. Напрыклад, доля імпарту гэтага металу ў ЗША складае 90%, а сама краіна афіцыйна лічыць яго адным з найважнейшых элементаў сваёй эканамічнай і нацыянальнай бяспекі.

Украіна ж — адна з пяці краін-вытворцаў тытанавых руд у свеце: на яе тэрыторыі знаходзіцца 20% сусветных запасаў гэтага металу. Як адзначае выданне, у выпадку захопу Украіны Расія магла б дыктаваць усяму свету ўмовы продажу тытану.

Крыніца, звязаная з амерыканскай абароннай прамысловасцю, сказала, што тытан неабходны краінам свабоднага свету для будучага стрымлівання Кітая і Расіі.

Як адзначае выданне, тытан настолькі патрэбны сучаснай прамысловасці, што расійскія вытворцы тытану не папалі пад санкцыі. Больш за тое, аэракасмічны гігант Boeing мае сумеснае прадпрыемства з расійскай кампаніяй «Авісма» — найбуйнейшым у свеце экспарцёрам тытану. А еўрапейскі Airbus, нягледзячы на ​​вайну ва Украіне, працягвае купляць тытан у Расіі.

Наша Ніва/нг