Беларуская Служба

Мінабароны РФ апублікавала «кадры знішчэння танкаў Leopard» якія аказаліся камбайнамі

07.06.2023 07:58
Відэа са «знішчэннем «Леапардаў»» пракаментаваў кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.
      Leopard
Мінабароны РФ апублікавала «кадры знішчэння танкаў Leopard» якія аказаліся камбайнамі https://t.me/milinfolive/101771

6 чэрвеня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу абвясціў, што расійскае войска ўжо тры дні стрымлівае «даўно абяцаны наступ» УСУ на некалькіх участках фронту.

Шайгу асобна распавёў, што 5 чэрвеня было спынена наступленне УСУ на сямі напрамках, у выніку чаго былі знішчаны 28 танкаў, у тым ліку восем нямецкіх «Леапардаў» і тры французскія колавыя танкі AMX-10.

Ніякіх пацверджанняў сваіх слоў Шайгу не прывёў. Аднак неўзабаве расійскае ваеннае ведамства распаўсюдзіла ў СМІ кароткае відэа з кадрамі, як сцвярджалася, «знішчэння замежнай бранятэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard», заўважыла «Медуза».

ТК-«Военный осведомитель», прааналізаваўшы абрысы машын, паведаміў, што ў рэчаіснасці на відэа – амерыканскія збожжаўборачныя камбайны John Deere 9000 і 700-й серый, а таксама трактар-апырсквальнік John Deere 4830, якія даволі папулярныя на тэрыторыі Украіны.

Відэа са «знішчэннем «Леапардаў»» таксама пракаментаваў кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.

«На гэтых кадрах выразна відаць, як танкі «Леапард» перасоўваюцца ў дзіўным тактычным манеўры насустрач адзін аднаму. Гэтыя танкі замаскіраваны пад сельскагаспадарчыя камбайны. У іх загнута ўніз дула», — заявіў ён.

яс/Наша Ніва