Беларуская Служба

Расійскі эксперт: Украінскае войска правярае магчымасці агрэсара

07.06.2023 10:59
З пачатку чэрвеня ўкраінцы занялі выгадныя пазіцыі, каб абстрэльваць расійскія войскі.
Вайна ва УкраінеPAP/AA/ABACA

Украінская армія актывізавала наступальныя дзеянні на асобных участках фронту. Гэта спроба праверыць абароназдольнасць агрэсара, заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» расійскі вайсковы эксперт Юрый Фёдараў.

З пачатку чэрвеня ўкраінцы занялі выгадныя пазіцыі, каб абстрэльваць расійскія войскі, весці лакальныя штурмы і адціскаць расіян да абароны. На думку расійскага вайсковага эксперта Юрыя Фёдарава, украінскае войска знаходзіцца ў фазе актыўнай падрыхтоўкі да контрнаступу:

- З майго пункту гледжання, тое, што адбываецца, – гэта спроба праверыць абарону расійскіх войскаў. Справа ў тым, каб знайсці слабыя месцы ў гэтай абароне, каб там сканцэнтраваць сілы наступлення.

Незалежныя расійскія СМІ паведамляюць, што войскі агрэсара пераходзяць да абароны і робяць захады для запаволення ўкраінскага контрнаступу. Паводле незалежных аналітыкаў, адной з такіх акцый стаў падрыў дамбы гідраэлектрастанцыі ў Новай Кахоўцы.

Акрамя таго, незалежныя СМІ паведамляюць, што расіяне абстралялі аміякаправод у Харкаўскай вобласці. Па словах прадстаўнікоў мясцовай украінскай адміністрацыі, уцечкі небяспечнага рэчыва зафіксавана не было.

яс