Беларуская Служба

NBC News: Былыя амерыканскія дыпламаты правялі неафіцыйныя перамовы з расіянамі аб магчымых мірных перамовах

06.07.2023 15:35
Перамовы з Лаўровым нібыта адбыліся ў красавіку ў Нью-Ёрку «з ведама, але не па ўказанні» адміністрацыі ЗША.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/FabrikaSimf

Былыя амерыканскія дыпламаты і афіцыйныя асобы правялі неафіцыйныя перамовы з расіянамі, блізкімі да Крамля і з міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым, каб падрыхтаваць глебу для магчымых перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне, паведамляе NBC News. Перамовы з Лаўровым нібыта адбыліся ў красавіку ў Нью-Ёрку «з ведама, але не па ўказанні» адміністрацыі ЗША.

Як паведамляе NBC са спасылкай на чатырох былых і двух цяперашніх прадстаўнікоў адміністрацыі Байдэна, у красавіку Лаўроў сустрэўся, у тым ліку з былым дыпламатам і кіраўніком Цэнтра замежных адносін (CFR) Рычардам Хасам (Richard Haass), экспертам па Еўропе ў Радзе нацыянальнай бяспекі пры кабінеце Абамы Чарльзам Купчанам (Charles Kupchan) і экспертам па справах Расіі, былым дыпламатам Томаса Грахамам (Thomas Graham).

На перамовах у Нью-Ёрку меліся абмеркаваць найбольш наспелыя тэмы, у тым ліку «лёс кантраляваных Расіяй тэрыторый, якія Украіна можа ніколі не вызваліць».

Гэтыя сустрэчы былі прызначаныя для падтрымання каналаў сувязі з Расіяй і вывучэння глебы для магчымых будучых мірных перамоваў. Сярод суразмоўцаў таксама была былая намесніца кіраўніка Пентагона Мэры Бэт Лонг ( Mary Beth Long). Як паведамляе NBC, яны адбыліся з ведама, але не па загадзе адміністрацыі Байдэна. Удзельнікі перамоваў з Лаўровым паведамілі пра іх у Белы дом.

NBC News каментуе, што сустрэчы адбываюцца на фоне сігналаў аб тым, што ЗША і іх саюзнікі жадаюць, каб Расія і Украіна пачалі перамовы восенню пасля заканчэння ўкраінскага контрнаступлення. Амерыканскі тэлеканал сказаў аб сакрэтным візіце кіраўніка ЦРУ Біла Бернса (Bill Burns) ў Кіеў, падчас якога дырэктар агенцтва павінен быў абмеркаваць з прэзідэнтам Украіны планы контрнаступлення і пачатку перамоваў з Расіяй.

Удзельнікі перамоваў з Лаўровым, Хаас і Купчан у красавіку апублікавалі артыкул у часопісе Foreign Affairs, у якім прадугледжвалі спыненне агню, якое, верагодна, ператворыць вайну ў замарожаны канфлікт, як на Карэйскім паўвостраве.

NBC News цытуе былога амбасадара ЗША ў Маскве Майкла Макфола (Michael McFaul), які заявіў, што правядзенне такіх перамоваў падрывае заяву прэзідэнта Байдэна: «Нічога пра Украіну без Украіны».

«Калі ідуць неафіцыйныя перамовы аб тым, як скончыць вайну, украінцы павінны там быць», – сказаў былы дыпламат.

З Вашынгтона Оскар Гужынскі (PAP)/яс