Беларуская Служба

Bloomberg: У Расіі пачаліся праблемы са скрадзеным украінскім збожжам

09.08.2023 18:01
У ліпені Расія адгрузіла рэкордны аб'ём пшаніцы.
Ілюстрацыйны здымакunian.net

Расія перажывае цяжкасці з экспартам збожжа з-за таго, што яе парты перапоўненыя. Значную долю з гэтых абʼёмаў складае ўкраінскае зерне, выкрадзенае з часова акупаваных тэрыторый.

Як паведамляе Bloomberg, па дадзеных SovEcon, у ліпені Расія адгрузіла 4,4 мільёна тон пшаніцы, што зʼяўляецца рэкордным месячным паказчыкам і амаль на 60% вышэй за сярэдні.

Ва ўрадзе ЗША адзначылі, што РФ пачала экспартны сезон з найбуйнейшымі запасамі пшаніцы за тры дзесяцігоддзі.

Разам з тым некаторыя тэрміналы ў Азоўскім моры спынілі прыём збожжа з-за недахопу магутнасцей для захоўвання. Цяпер меншыя расійскія парты ў Азоўскім моры перагружаны больш, чым галоўны Чарнаморскі збожжавы порт Наварасійск.

Па дадзеных SovEcon, продажы ў Расіі замарудзіліся ў апошнія тыдні з-за «вузкіх месцаў», выкліканых апрацоўкай вялікай колькасці збожжа.

Адзначаецца, што звычайна судны, якія плылі з партоў Азоўскага мора, разгружаюцца на буйнейшыя караблі ў Керчанскім праліве, якія плывуць далей праз Чорнае мора, але суднаходства праз праліў было абмежавана з меркаванняў бяспекі. Да таго ж пасля ўдару па расійскім нафтавым танкеры некаторыя суднаўладальнікі могуць стаць больш асцярожнымі пры заходзе ў расійскія парты.

На працягу першага года поўнамаштабнай вайны супраць Украіны вораг ажыццяўляў экспарт збожжа, выкрадзенага на часова захопленых украінскіх тэрыторыях.

У маі 2023 года спадарожнікавыя здымкі пралілі святло на схему РФ па тайным экспарце з Крыма.

Расіяне сутыкаюцца з праблемамі ў рэалізацыі гэтага збожжа, і таму імкнуцца выдаваць яго за сваё. Большасць краін адмаўляюцца купляць збожжа, калі ёсць доказы яго паходжання з Крыма. Аднак, паводле інфармацыі СМІ, скрадзенае зерне трапляла ў Турцыю і Сірыю. Таксама яно магло патрапіць у Афрыку.

8 жніўня 2023 года паведамлялася аб тым, што ў Расіі пачаліся сурʼёзныя праблемы з экспартам збожжа. Расія пачала актыўна фрахтаваць судны ў невялікіх суднаўладальнікаў, з якімі буйныя трэйдары не працуюць.

яс/unian