Беларуская Служба

Міхаіл Падаляк – пра стаўленне Кіева да Лукашэнкі і праблемы беларусаў ва Украіне

04.09.2023 07:46
Дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька правёў стрым з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком.
 .
Міхаіл Падаляк.Фота: screenshot

Падчас жывой трансляцыі суразмоўцы абмяркоўвалі перспэктывы беларуска-ўкраінскіх дачыненняў, сітуацыю ў Беларусі і прававыя праблемы беларусаў ва Украіне.

Паводле Падаляка, сур'ёзна да Лукашэнкі ва Украіне ніхто не ставіцца на ніводным з узроўняў улады. «Мы не бачым у яго перспектыў з пункту гледжання палітыка, які нешта можа прапанаваць Беларусі. Ён трымае Беларусь у закладніках – гэта несумненна, асабліва пасля 2020 году», – сказаў Падаляк.

Ён нагадаў, што прэзідэнт Зяленскі наўпрост кажа аб тым, што пасля падзення расейскага рэжыму ў Беларусі пачнецца эпоха палітычнай трансфармацыі.

Міхаіл Падаляк адзначыў, што неўрэгуляваныя прававыя пытанні беларусаў ва Украіне, у тым ліку палка Каліноўскага, добраахвотнікаў і валанцёраў, немагчыма вырашыць цяпер у поўным абʼёме. Але «шукаюцца сістэмныя рашэнні» і будзе арганізавана нефармальная група, якая будзе рэагаваць пры ўзнікненні крызісаў.

Дэлегацыя беларускіх дэмсілаў сустракалася з Падаляком у Кіеве сёлета ў жніўні.

svaboda.org / вх