Беларуская Служба

ISW: На акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці няма моцных расійскіх сілаў

04.09.2023 09:52
Усходнюю частку Херсонскай вобласці на поўдні Украіны, акупаваную Расіяй, абараняюць добраахвотнікі, а таксама рэзервісты, прызваныя ў войска падчас мабілізацыі.
Mija 558. dzień rosyjskiej agresji na Ukrainę
Mija 558. dzień rosyjskiej agresji na UkrainęPAP/EPA/CATHAL MCNAUGHTON

Больш каштоўныя злучэнні войскаў агрэсара ўжо перакінутыя з Херсонскай вобласці ў Запарожскую вобласць, паведамляе Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў (ISW) у апошнім аналізе.

Расійская армія павінна засяродзіцца на найважнейшым аператыўным напрамку – у Запарожскай вобласці, дзе вядзецца ўкраінскі контрнаступ. Таму захопнікі, верагодна, аслабілі сваю групоўку ў Херсонскай вобласці і адышлі адтуль у тым ліку паветрана-дэсантных падраздзяленняў – адзначае ISW, спасылаючыся на ўласныя назіранні і паведамленні ад т.зв расійскіх ваенных блогераў, якія падтрымліваюць уварванне Крамля ва Украіну.

З канца жніўня блогеры падаюць адносна дакладныя звесткі, якія сведчаць аб тым, што ўкраінская армія ўтрымлівае два плацдармы на акупаваных тэрыторыях – у раёне Антонаўскага моста пад Херсонам і на паўночным захадзе ад Падстэпна. За мінулы тыдзень украінцы змаглі перакінуць на гэтыя плацдармы рэзервы разам з забеспячэннем, дадаецца ў аналізе ISW.

Заходняя частка Херсонскай вобласці, размешчаная на правым (заходнім) беразе Дняпра, уключаючы Херсон, з лістапада 2022 года кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Землі на ўсходнім беразе ракі знаходзяцца пад расійскай акупацыяй.

Ужо праз некалькі дзён пасля адыходу з-пад Херсона захопнікі пачалі абстрэл гэтага горада і яго наваколляў з артылерыйскіх пазіцый, размешчаных па той бок Дняпра. У выніку гэтых варожых дзеянняў рэгулярна гінуць мірныя жыхары. Адна з самых трагічных такіх падзеяў адбылася 3 траўня 2023 году, калі расейцы за суткі ў Херсонскай вобласці забілі 23 чалавекі і 46 паранілі.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года ўкраінская вайсковая выведка пацвердзіла, што разведвальныя падраздзяленні вядуць дзеянні ў левабярэжнай частцы Херсонскай вобласці.

30 жніўня з'явілася інфармацыя, што ўкраінскі сцяг быў вывешаны на падкантрольных Расіі тэрыторыях каля Антонаўскага моста пад Херсонам. Аднак, як паведамілі мясцовыя ўкраінскія ўлады, гэта быў пераважна сімвалічны жэст, які служыў для падтрымання баявога духу жыхароў акупаваных тэрыторый.

PAP / вх