Беларуская Служба

Мінабароны Бельгіі: Спісаныя самалёты F-16 не будуць перададзены Украіне, машыны небяспечныя

04.09.2023 16:35
Бельгійскія F-16 наляталі столькі гадзін, што проста зношаныя фізічна.
F-16C
F-16C Konflikty.pl (Attribution or Attribution), via Wikimedia Commons

Знішчальнікі F-16, выведзеныя з эксплуатацыі ваенна-паветраных сілаў Бельгіі, не могуць быць адпраўленыя ва Украіну, таму што пасля заканчэння службы машыны не будуць дастаткова бяспечнымі, заявіў у інтэрв'ю кіраўнік аддзела закупак бельгійскай арміі генерал Фрэдэрык Гетынк (Frederic Goetynck) газеце «De Standaard».

«Не тое, каб мы не хацелі гэтага рабіць. Але нельга накіроўваць ва Украіну самалёты, якімі мы самі не зможам карыстацца», – адзначыў вайсковец.

Кіраўнік забеспячэння бельгійскай арміі растлумачыў, што F-16 наляталі столькі гадзін, што проста зношаныя. На аргумент, што ўкраінцы з задавальненнем возьмуць сабе і больш старыя машыны, ён адказаў, што гэта было б безадказна.

«Гэта як у выпадку лекаў, у якіх амаль скончыўся тэрмін прыдатнасці. Ці хочам адпраўляць іх у Афрыку?» – рытарычна спытаў ён.

Па словах Гетынка, адпраўка ва Украіну небяспечнага самалёта, напрыклад, з расколінамі ў фюзеляжы, можа пагражаць жыццю пілота. «Ніхто не захоча прымаць такое палітычнае рашэнне. Нават калі вядома, што верагоднасць таго, што самалёт можа разбіцца ў бліжэйшыя 100 гадзін палёту, вельмі малая, мы проста не можам гэтага зрабіць», – падкрэсліў генерал.

Бельгія ўжо накіравала ва Украіну аўтаматычную зброю, бронеаўтамабілі Lynx і больш за 200 грузавікоў Volvo. Паводле звестак Мінабароны, на фронт таксама паступілі боепрыпасы, паліва і медыцынскае абсталяванне ад бельгійскай арміі.

PAP / вх