Беларуская Служба

У некаторых гарадах Польшчы адкрываюць пляжы для сабак

23.07.2019 09:00
Летам усё часцей здараюцца спякотныя дні, ад якіх пакутуюць ня толькі людзі, але таксама і жывёла.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Dirima

Лета – час адпачынку, падарожжаў, водпускаў. Кожны хацеў бы хоць на пару тыдняў пакінуць душны, запылены горад і выехаць кудысьці на прыроду, найлепш на бераг вадаёму – на мора, возера, на худы канец – рэчку або ў лес. 

Калі дарослых людзей і дзяцей прымаюць з радасцю ўсе пансіянаты і гатэлі, то з хатняй жывёлай можна прабываць далёка не ва ўсіх месцах. І нават калі знойдзем уладальніка гатэля, які згодзіцца, каб мы прыехалі, напрыклад, з сабакам, то можа ўзнікнуць іншая праблема – уваход на пляж або ў іншае месца, дзе прывыклі адпачываць людзі падчас свайго водпуску.

Польскае грамадства выключна «сабакалюбівае» і «коталюбівае», у польскіх дамах жыве каля 7 млн. сабакаў і амаль столькі ж катоў. Калі гаспадары выязджаюць на канікулы, трэба нешта зрабіць з жывёлай. Прасцей за ўсё ўзяць любімца з сабой. Усё больш уладальнікаў гатэляў гэта разумее і дазваляе за невялікую плату прывезці сабаку ці ката. Неабходна аднак памятаць, што не на ўсе пляжы дазволены ўваход з хатняй жывёлай. У Польшчы можна гуляць з сабакам на кожным пляжы толькі ў не сезонную пару года, як правіла з кастрычніка па красавік, некаторыя мясцовыя ўлады падаўжаюць гэты тэрмін. Нельга ўваходзіць з сабакам на пляж, дзе ёсць ратаўнік. Аднак існуюць адмысловыя месцы, куды дазволены ўваход з сабакам.

Чэрвень быў у Польшчы выключна гарачы. Ліпень, праўда, прывітаў жыхароў краіны нечаканым холадам і дажджом, але і так у сумарным рахунку летам усё часцей здараюцца спякотныя дні, ад якіх пакутуюць ня толькі людзі, але таксама і жывёлы, асабліва сабакі з доўгай шэрсцю. Пра хатніх любімцаў падумалі ўлады гарадка Злотава на поўдні Польшчы. Там будзе створаны спецыяльны пляж для купання сабак. Гаворка ідзе пра тое, каб у гарачыя дні сабакі маглі спакойна ўвайсці ў ваду і не раздражняць тых, каму перашкаджае на пляжы прысутнасць жывёлы. Ідэю падкінулі самі жыхары.

Жыхары Злотава: Уладальнікі ходзяць на пляж з сабакамі. І на новы, і на стары. Калі б быў спецыяльны пляж для сабак, уладальнікам не прыйшлося б выбіраць, куды пайсці.

Мы штодзённа ходзім на пляж з сабакам. Калі вялікая спякота, трэба даць магчымасць жывёле ахаладзіцца. Я стараюся не ўваходзіць туды, дзе купаюцца людзі, бо многім людзям гэта перашкаджае.

На адным пляжы купаюцца і людзі, і сабакі. На маю думку, гэта негігіенічна. Лепш, каб быў асобны пляж для сабак.

З прапановай увесці адпаведныя змены ў мясцовыя законы звярнуўся дэпутат мясцовай гарадской рады Мацей Заёнц. Паводле ягоных слоў, усё часцей гарадскія ўлады выдзяляюць асобны адрэзак пляжу, куды можна ўваходзіць з сабакам. Скажам, шмат такіх пляжаў на польскім моры.

М. Заёнц: Можна было б спакойна ісці на такі пляж, звера выпусціць, ніхто б не пачаў выступаць, маўляў, тут нельга. Выдзяленне такога адрэзку пляжу не з’яўляецца вялікай ці каштоўнай праблемай. Галоўнае, каб можна было выпусціць сабаку, каб ён мог купацца. Можна таксама паставіць адпаведныя інфармацыйныя знакі. Акрамя таго, гэта будзе месца таварыскіх сустрэч уладальнікаў сабак. Яны змогуць тут пагутарыць, абмяняцца вопытам і г.д.

Улады Злотава са зразуменнем ставяцца да прапановы стварыць месца купання для сабак. Мэр Адам Пуліт адзначыў, што дзяржаўныя служачыя ўжо пачалі праверку, якім чынам ажыццявіць дадзеную ідэю.

А. Пуліт: Гэта зусім нічога складанага. Дастаткова толькі выдзеліць кавалак пляжу і паставіць знакі для ўладальнікаў сабак. Гэта, канешне, павінна быць месца з доступам да вады. Тады ўладальнікі сабак змогуць купаць сваіх любімцаў, не перашкаджаючы іншым адпачываючым. Мы хочам пазнаёміцца з досведам уладаў іншых населеных пунктаў, тых, якія знаходзяцца на беразе Балтыйскага мора, бо адтуль прыйшоў прыклад. На маю думку, нам удасца знайсці на беразе гарадскога возера такое месца, дзе можна будзе выдзеліць спецыяльны адрэзак берагавой лініі і падрыхтаваць яго.

Адмысловы пляж, куды можна будзе прыйсці і выкупацца разам са сваім сабакам, плануецца адкрыць у Злотаве яшчэ гэтым летам.

ІАР ПР/нг