Беларуская Служба

У сярэдніх школах у Польшчы не хапае настаўнікаў

19.07.2019 16:09
Дырэктары адукацыйных установаў паведамляюць пра недахоп настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, хіміі, а таксама сацыяльных педагогаў і псіхолагаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарshutterstock.com/Andrey_Popov

Восенню ў польскіх сярэдніх школах можа не хапаць настаўнікаў. „Ва ўсяе Польшчы не хапае каля 11 тысяч педагогаў. Менавіта столькі прапаноў знаходзіцца ў банках дадзеных, якія вядуць аддзелы адукацыі”, - папярэджвае „Rzeczpospolita”.

Найбольш прапаноў працы накіраваныя да настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі або хіміі. Не хапае таксама сацыяльных педагогаў, псіхолагаў і настаўнікаў, якія дапамагаюць вучням з абмежаванымі магчымасцямі.

Найбольшы дэфіцыт зафіксаваны ў Варшаве. „У канцы чэрвеня ў базавых школах налічвалася каля 1 700 вакансіяў, каля 1 400 - у сярэдніх школах, амаль 600 - у дзіцячых садках. Не хапала таксама 400 спецыяльных педагогаў”, - гаворыцца ў паведамленні.

Сітуацыі не мяняе факт, што ў сталіцы настаўнікі атрымліваюць найбольш дадаткаў да базавай пенсіі. Напрыклад, матывацыйны дадатак складае ў сярэднім каля 600 злотых у месяц (амаль 141 еўра), дадатак для класнага кіраўніка - каля 380 злотых (больш за 89 еўра). У сваю чаргу зарплата дырэктара адукацыйнай установы вырасла на 1 тысячу злотых (235 еўра).

„Адным з прыярытэтаў палітыкі ў галіне адукацыі з'яўляецца павышэнне прэстыжнасці прафесіі настаўнікаў, у тым ліку за кошт паступовага павышэння заработнай платы”, - кажа прэс-сакратар Міністэрства нацыянальнай адукацыі Анна Астроўска (Anna Ostrowska). Яна нагадвае, што са студзеня зарплаты настаўнікаў выраслі на 5%. У верасні запланаванае чарговае павышэнне, на гэты раз на 9,6%.

„Недахоп настаўнікаў стаў асабліва прыкметным цяпер, калі ў выніку рэформы ў сярэднія школы адначасова паступілі выпускнікі базавых школаў і гімназіяў. У класах будзе ўдвая больш вучняў, таму аўтаматычна трэба больш настаўнікаў”, - кажа кіраўнік Паморскага філіяла Звязу польскіх настаўнікаў Эльжбета Маркоўска (Elżbieta Markowska). Паводле яе, канчатковы маштаб праблемы можна будзе ацаніць пасля заканчэння дадатковага набору ў першыя класы, гэта значыць пасля 20 жніўня.

Дырэктары сярэдніх школ асцерагаюцца, што яны будуць мець усяго некалькі дзён, каб знайсці дадатковых настаўнікаў па фізіцы, матэматыцы, польскай і замежнай мовах, чытаем у выданні „Rzeczpospolita”.

аз