Беларуская Служба

Конкурс "Варшава ў кветках і зелені" налічвае шмат дзесяцігоддзяў

30.07.2019 09:30
Польскія гарады поўныя кветак, у іх як правіла шмат дрэў і паркаў. Сталіца - не выключэнне.
Аўдыё
  • Адбыўся чарговы конкурс "Варшава ў кветках і зелені"
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay.com

У сацыяльна-грамадскай рубрыцы сёння пойдзе гаворка пра акцыю, якая дазваляе ўпрыгожваць польскую сталіцу кветкамі ды зеленню. 

Практычна ўсе людзі любяць прабываць у акружэнні зелені, кветак ды іншых раслін. Вучоныя здаўна назіраюць за ўплывам зелені на фізічнае і псіхічнае здароўе чалавека. Даказана, што калі ў нашым акружэнні знаходзіцца шмат зялёных насаджэнняў, то людзі, якія прабываюць у гэтым месцы, здаравейшыя ў фізічным плане і больш шчаслівыя, лепш сябе адчуваюць.

Палякі вядомыя сваёй любоўю да зелені і дбайнасці пра ўласнае атачэнне. Польскія гарады поўныя кветак, у іх як правіла шмат дрэў і паркаў. Не выключэнне і Варшава, якая стараецца даваць прыклад іншым. Яшчэ перад вайной у сталіцы Польшчы пачалі ладзіць конкурс «Варшава ў кветках і зелені». Спаборніцтва заключаецца ў тым, каб найлепшым чынам аздобіць свой балкон або газон каля дому прыгожымі кветкамі, пазней зрабіць здымак і выслаць заяву на конкурс. Пра яго гісторыю распавядае Яланта Бомбік з Таварыства сяброў Варшавы.

-Конкурс упершыню быў наладжаны мэрам Варшавы Стэфанам Стажыньскім яшчэ перад Другой сусветнай вайной. Пазней быў перапынак, а ў 70-ыя гады ўлады вярнуліся да гэтай ідэі. Галоўная мэта – палепшыць эстэтыку гораду, каб у Варшаве было прыемней жыць, каб было больш месца для адпачынку.

Нельга забываць, што Польшча стала зноў незалежнай праз 123 гады няволі толькі ў 1918 годзе. Таму для палякаў тады, перад Другой сусветнай вайной, вельмі важнай была свядомасць, што яны самі прымаюць рашэнні пра тое, як павінна выглядаць жыццё ў польскай дзяржаве. І нават такая, здавалася б, дробязь, як кветкі і клумбы на вуліцах, станавілася справай амаль што дзяржаўнай вагі.

-Я можа працытую, як тады газетныя выданні пісалі пра стварэнне камітэту конкурсу. «У вялікай залі ратушы, прыбранай кветкамі, раслінамі з гарадскіх плантацый, сабраліся прадстаўнікі гарадскіх уладаў з мэрам Стэфанам Стажыньскім на чале. Мэр казаў пра вялікі ўплыў зелені і кветак на выгляд гораду. Ён адзначыў, што існуюць рэальныя магчымасці зрабіць Варшаву горадам кветак і зелені. У дадзенай акцыі павінны прыняць удзел усе грамадзяне сталіцы.

Старшыня Таварыства сяброў Варшавы Рэната Марут кажа, што кожны год у конкурсе на самы прыгожы газон або балкон удзельнічае шмат людзей, многія ня могуць дачакацца пачатку.

-Людзі, якія ўдзельнічаюць у нашым конкурсе ўжо некалькі гадоў, проста не маглі дачакацца, калі зноў можна будзе прысылаць свае заявы. Канешне, мы стараемся ўвесь час прыцягваць новых удзельнікаў, прасоўваць нашу ідэю сярод жыхароў гораду. Нават калі ў кагосьці няма інтэрнэту, ён можа звярнуцца да нас, хтосьці прыедзе, дапаможа запоўніць заяву. Мы карыстаемся рознымі формамі заахвочвання людзей. Напрыклад, у гэтым годзе, акрамя таго, што можна прыслаць на конкурс здымак свайго балкону, газону або лоджыі, мы аб’явілі конкурс на аповед пра самую прыгожую расліну, якую людзі хацелі б вырошчваць у сваім садзе.

Арганізатары конкурсу вырашылі таксама дапамагчы ўсім жадаючым аздобіць свой сад або балкон і сёлета правялі акцыю раздачы саджанцаў кветак і раслін.

-У гэтым годзе асаблівай папулярнасцю карыстаецца акцыя раздачы раслін, якія прывозяць на ровары. Гэта вялікі ровар, з прычэпленай скрыняй, у якой мы развозім саджанцы кветак ды іншых раслін і раздаём іх усім жадаючым. Ровар ездзіў па вуліцах Варшавы, раздаючы жыхарам гораду бясплатна саджанцы самых розных кветак.

Падача заявак на сёлетні конкурс «Варшава ў кветках і зелені» ужо закончылася, ідзе працэс падвядзення вынікаў. Варта адзначыць, што падобныя конкурсы, магчыма, з крыху карацейшай гісторыяй, чым варшаўскі, адбываюцца таксама ў іншых польскіх гарадах. І практычна ўсюды ў большых населеных пунктах існуюць арганізацыі, якія гуртуюць любіцеляў дадзенага гораду або іншай, меншай мясцовасці. Прыгожы сад, газон у кветках, а нават квітнеючы балкон – гэта, канешне, не зробіцца само, трэба ўкласці нямала часу і працы ў тое, каб наш сад каля дому або балкон выглядаў прыгожа, квітнеў рознымі колерамі. Але гэтая праца і ўкладзеныя грошы даюць мноства задавальнення і добрага настрою, як аўтарам, так і тым, хто жыве побач або толькі праходзіць міма.

І Пр. ПР/нг