Беларуская Служба

Польская моладзь сябруе з украінскай

14.08.2019 16:23
У 30 гарадах Польшчы ладзіцца грамадская акцыя «Прамень братэрства», каб падкрэсліць блізасць Польшчы ды Украіны.
Аўдыё
  • Польскія гарцэры запрасілі да супрацы ўкраінскіх скаўтаў
Польская і ўкраінская моладзь ладзяць акцыю "Промень братэрства"odkrywcy.zhp.pl/plomien-braterstwa/

Ініцыятарамі акцыі выступаюць польскія гарцэры, якія да супрацы запрасілі ўкраінскіх скаўтаў. Акцыя прымеркаваная да падзей 13-25 жніўня 1920 года, калі адроджаная незалежная Польшча баранілася ад наступу Чырвонай арміі. Побач з палякамі ў Варшаўскай бітве змагаліся жаўнеры Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР).

Гэты гістарычны факт хочуць адзначыць польскія гарцэры ды ўкраінскія скаўты, ладзячы міжнародную акцыю памяці «Прамень братэрства».

Напярэдадні 16 жніўня, 99 гадавіны «Цуду над Віслай», калі быў спынены марш бальшавікоў на Еўропу, палякі ды ўкраінцы адначасова запаляць знічы на могілках польскіх ды ўкраінскіх жаўнераў, якія загінулі падчас той бітвы.

Гэта выражэнне памяці пра хаўруснікаў і згадка пра забытую гісторыю, перакананая гарцэрка Дарота Возняк з Білгарая

- Украінцы былі адзінымі жаўнерамі, якія разам з палякамі змагаліся ў вайне з бальшавіцкай навалачу. Замасць адбыў атаку бальшавікоў, дзякуючы гераічнай абароне гораду, якой камандаваў Марко Безручко - генерал УНР. Мала хто ведае пра бітву пад Камаровам, дзе ўдалося перамагчы армію Будзённага, дзякуючы супрацы польскіх ды ўкраінскіх жаўнераў.

Арганізатарамі акцыі выступілі чальцы Саюзу польскіх гарцэраў ды арганізацыі ўкраінскіх скаўтаў «Płast Polska». Перад акцыяй моладзь прыбрала ды добраўпарадкавала магілы пахаваных у Польшчы жаўнераў Украінскай народнай рэспублікі.

Гэта праява таго, што польскія гарцэры ўсё часцей і больш актыўна супрацоўнічаюць з украінскімі скаўтамі, кажа намеснік старшыні праграмнага руху Саюзу польскіх гарцэраў Матэвуш Стаховіч.

- Сапраўды, наша супрацоўніцтва ўмацоўваецца. Гэта даволі новая ініцыятыва, хоць ужо некалькі год мы займаецца адукацыйнымі акцыямі, навучаем пра гісторыю. Напрыклад, мы рэгулярна праводзіць такія акцыі, калі маладыя гарцэры даведваюцца пра спадчыну малой Радзімы. Сёлета мы вырашылі пайсці ў бок Варшаўская бітвы з бальшавікамі. Гэта важная падзея, а праз год будзем адзначаць юбілей тых здарэнняў. Мы зрабілі націск на польска-украінскае супрацоўніцтва ў тых умовах. Гэта робіцца дзеля фармавання доўгатэрміновага сяброўства паміж палякамі ды ўкраінцамі.

Якія сумесныя акцыі вы ладзіце сёлета?

- Мы вырашылі, што сумесна з украінцамі, якія жывуць у Польшчы, напярэдадні гадавіны Варшаўскай бітвы а 18 гадзіне ў 30 месцах у Польшчы, мы адначасова запалім знічы ды ўскладзем кветкі на магілах украінскіх жаўнераў УНР, якія 0 1920-м годзе разам з Войскам Польскім змагаліся з бальшавікамі. Яны разам з палякамі пралівалі кроў за свабодную Украіну і Польшчу.

Найбольш масавыя акцыі запланаваныя ў Варшаве ды Любліне, кажа актывіст.

- Мы плануем, што найбольшая падзея будзе ў Варшаве, дзе мы сустрэнемся я на праваслаўных могілках на Волі, дзе ёсць два пахаванні ўкраінцаў, якія змагаліся ў польска-бальшавіцкай вайне. Тут пахаваны генерал Безручка, які камандаваў абаронай Замасця ў 1920 годзе. Другой буйнай акцыяй, пасля Варшавы, будзе Люблін. Тут знічы запальваюцца на могілках украінскіх жаўнераў ужо шмат гадоў. Гэтыя акцыі ладзяць мясцовыя гарцэры, што важна з розных арганізацыяў. Сёлета да нас далучацца ўкраінцы з Роўна. Таксама з польскага боку будзе больш удзельнікаў, чым раней. Варта дадаць, што буйная акцыя пройдзе ва Вроцлаве, у Кракаве ды іншых месцах, дзе пахаваныя ўкраінскія жаўнеры, якія змагаліся ў 1920-ым годзе. Такія як Аляксандр Куяўскі, Гдыня, Шчыпёрня.

Варшаўская бітва лічыцца ў Польшчы адной з найбольш важных падзей польскай гісторыі. Перамога ў гэтай бітве ўратавала Польшчу ад савецкай акупацыі, дазволіла Польшчы падпісаць мірную дамову з Савецкім Саюзам у 1921-м годзе. У наступным годзе выпадае 100 гадавіна гэтай падзеі.

Юры Ліхтаровіч