Беларуская Служба

Аповед пра людзей, якіх бальшыня лічыць дзівакамі, бо яны жывуць не па агульнапрынятых стандартах

24.08.2019 17:43
 Усе мясцовыя ведаюць, хто такая Агнешка Зах з вёскі Кулешы на Падляшшы, якую называюць "ведзьмай".
Biebrzański Park Narodowy
Biebrzański Park NarodowyShutterstock

Тыднёвік Wprost расказвае пра людзей, якіх бальшыня лічыць дзівакамі, бо яны жывуць не па агульнапрынятых стандартах, і ствараюць месца, да якога "ліпнуць" гарадзкія, шукаючы спакою і адпачынку ад хуткага жыцця.

Адно з такіх месцаў стварыла Агнешка Зах у вёсцы Кулешы на Падляшшы. Усе мясцовыя ведаюць яе і называюць "ведзьмай".

- Баяцца мяне. Аднойчы мужык зваліўся з кароўніка і забіўся, людзі сказалі, што я яго зурочыла, бо нагаварыў на мяне на вёсцы. А я на вочы не бачыла гэтага чалавека. Іншы адсёк сабе пальцы. Паўгоду раней узяў у мяне грошы за дробную работу і не зрабіў яе. А цяпер людзі не згадваюць, што мужчына быў п'яны, – расказвае Зах.

Дачка жанчыны Дарʼя так характарызуе сваю маму: лётае на параплане, нырае, абʼязджае коней, ездзіць на матацыкле, робіць вітражы, чэмпіёнка па падводнай навігацыі і да таго ж ведзьма. Дарʼя хутчэй за ўсё пойдзе па слядах мамы, бо таксама захапляецца лесам і ракой Бебжа, як мама ўмее імітаваць галасы птушак і гукаць ласей.

У "ведзьмы" чацвёра дзяцей: дзве дочкі і два сыны, малодшаму паўгодзіка. – Толькі позняе мацярынства прынясло мне спакой. Я не распешчваю дзяцей, яны мусяць самі спраўляцца з рознымі справамі, я магу ім падказаць як гэта зрабіць. Але я ведаю, што навучыла сваіх дзяцей любіць і паважаць самога сябе, іншых людзей і прыроду, - кажа жанчына.

Толькі часам у горадзе, у школе, ці ў дзяржаўных установах хтосьці скажа пра Агнешку Зах і яе сямʼю, што яны дзівакі.

- Кажуць мне, што адзінока выхоўваць дзяцей, да таго ж на прыродзе, а не паводле гарадской моды, гэта паталогія. Гэта мяне разʼюшвае, бо я якраз збегла ад паталогіі і дала дзецям самы лепшы дом. А ў абмежаванай свядомасці палякаў сямʼя мусіць быць поўнай, нават калі муж пʼе і бʼе, – кажа Агнешка.

У жанчыны добрая рука да жывёлы: з маленства птушкі сядалі ёй на руках, бабуля-шаптуха паказвала зёлкі. Сёння Агнешка водзіць турыстаў па Бебжанскім запаведніку, ладзіць майстар-класы па зёлках, водзіць па балотах аматараў адрэналіну. Прыязджаюць да яе ў Кулешы музыканты, мастакі, вучні, прыхільнікі здаровага ладу жыцця, майстры ёгі, а таксама дырэктаркі буйных карпарацый. Усе шукаюць арыгінальнае месца, каб устанавіць гармонію ў душы.

Публікацыю «Гульля ў ведзьмы» Агаты Янкоўскай надрукаваў тыднёвік Wprost.

яс