Беларуская Служба

Варшаўскія дэпутаты хочуць, каб у сталіцы Польшчы было цішэй

09.10.2019 13:46
Высокачастотны шум аказвае такі ж адмоўны ўплыў на арганізм чалавека, як забруджанае паветра.
Ілюстрацыйны здымакTunedIn by Westend61/Shutterstock.com

Дэпутаты гарадской рады Варшавы высунулі прапанову зрабіць польскую сталіцу больш ціхай. Ініцыятыву апісвае Gazeta Wyborcza. Гаворка ідзе пра розныя работы, якія генеруюць шмат шуму, што ўскладняе жыццё жыхароў гораду. Гэта, напрыклад, касьба травы, дарожныя работы, будаўнічыя працы, якія пераважна пачынаюцца рана, яшчэ перад тым, як людзі пойдуць на працу, а заканчваюцца часта познім вечарам.

Дэпутаты пішуць у сваім звароце кіраўніцтву варшаўскай ратушы, што высокачастотны шум аказвае такі ж адмоўны ўплыў на арганізм чалавека, як забруджанае паветра. Таму неабходна ўвесці нормы інтэнсіўнасці гукавога фону, каб жыхары маглі спакойна адпачываць, што палепшыць якасць іх жыцця.

У дакуменце ідзе гаворка таксама пра высокі ўзровень зашумленасці сталічных школ. Дэпутаты прапануюць выдзеліць у кожнай школе «ціхі куток», у якім дзеці маглі б адпачыць і ў цішыні падрыхтавацца да заняткаў. Год таму пачаўся пілатажны праект гукавой мадэрнізацыі 11 школ. З гарадскога бюджэту на гэтую мэту было прызначана 5,5 млн. злотых, але гукаізаляцыя адной толькі школы каштавала 1,2 млн. Мэтай было паляпшэнне гукаізаляцыі на калідорах, спартзалах, у бібліятэках, а таксама паляпшэнне акустыкі ў класах. Між іншым, на столі і сценах быў прымацаваны гукапаглынальны матэрыял.

пераклад нг