Беларуская Служба

«Калі захочацца – то раблю здымак, калі не – то не»

28.02.2020 16:00
Юрка Раецкі паказвае ў Фэйсбуку спакойны, ідылічны і сапраўдны край, якога прагнуць забеганыя дюдзі.
Аўдыё
  • Профіль Юркі Раецкага Klimaty Podlasia мае больш за 80 тысяч назіральнікаў.
Klimaty Podlasia
Klimaty Podlasia Юркі Раецкагаradyjo.net/Юрка Раецкі

Прапануем вашай увазе гутарку з чалавекам, які стаў шырока вядомы ў Польшчы дзякуючы сваім здымкам Падляшша. Ягоны профіль у Фэйсбуку Klimaty Podlasia мае больш за 80 тысяч назіральнікаў. Майго суразмоўніка завуць Юрка Раецкі. Ён – нараджэнец вёскі Шымкі, цяпер – жыхар Беластока. Увесь свой свабодны час праводзіць на вандроўках з фотаапаратам па вёсках, палях, лугах Падляшша.


Юрка Раецкі і Яланта Смялоўская Юрка Раецкі і Яланта Смялоўская

Як Вы думаеце, чаму вашыя здымкі цікавяць такую вялікую колькасць людзей, чаму яны хочуць глядзяць на вашыя фота?

- Я думаю, што гэтыя фатаграфіі прыцягваюць, бо ў іх знаходзіцца тое, чаго чалавек шукае, па чым сумуе, чаго прагне. Я проста заняў нішу, у якой людзі чакалі такіх здымкаў: спакойных, ідылічных, якія паказваюць блізкую сувязь чалавека з прыродай, з любімым атачэннем, і дзе чалавек да іншага з'яўляецца чалавекам. Гэта здымкі з маіх, так бы мовіць, палявых вандровак. Я заходжу часам на панадворкі, у хаты, гутару з гаспадарамі. Часта іду з імі на луг, з быдлам, забраць каня дахаты, калі ідуць у поле капаць картохлі ….

Ці бывае, што Вы робіце здымкі па заказу, то бок, хтосьці Вас папрасіў: «Зрабіце мне такі здымак»…

- Не. Я ніколі не раблю здымкі па заказу, ці па патрабаванні. Я проста іду. Калі захочацца – то раблю здымак, калі не – то не. Калі мне спадабаецца краявід, цікавая размова, тады фоткаю, быццам бы міжвольна, улоўліваю гэтае імгненне і раблю фота.

Якія краявіды Вам падабаюцца, што Вы імкнецеся ўвекавечыць, паказаць на гэтых здымках?

- Першыя гады, калі я стаў фатаграфаваць, я імкнуўся захаваць назаўсёды нашыя падляскія пейзажы, характэрнае будаўніцтва, драўлянае дойлідства. Я стараўся як мага хутчэй фатаграфаваць, бо бачыў, што ўсё гэта знікае. Тады я так думаў, але ў цяперашні час я бачу, што гэта не знікае, а ператвараецца. Людзі купляюць хаты і крыху аднаўляюць, выхадцы вяртаюцца на бацькаўшчыну. Адбыўся паварот, які можа стрымаць заняпад. Дэградацыя гэтага рэгіёну доўжылася гадамі і я спяшаўся затрымаць на здымках тое, што гіне, але цяпер я бачу, што ўсё тут набывае новую якасць.

Профіль Klimaty Podlasia змяшчае сотні тысяч фатаграфій, сёння многія з іх маюць дакументальнае значэнне.

- Гэтыя здымкі з года ў год набіраюць усё большае дакументальнае значэнне. Калі я праглядаю іх, то бачу, што і людзей ужо няма, і збудаванняў. І нярэдка да мяне звяртаюцца людзі, кажуць: «Вы зрабілі здымак майго дзядулі, бацькі, дзядзі, якога ўжо няма сярод жывых. Вы можаце даць мне гэты здымак, бо ён там так прыгожа ўсміхаўся?» Звяртаюцца таксама ў справе хатаў. Пытаюць: «Вы зрабілі здымак хаты, якой ужо няма, а можаце паказаць хату, якая належала маім сваякам?» А яшчэ і такое бывае, што людзі тэлефануюць мне і запрашаюць: «Прыязджайце і зрабіце здымкі хаты, бо мы яе разбіраем». І я еду і раблю дакументацыю. Часам клічуць прыехаць і зрабіць фота інтэр’ера хаты ці збудаванні звонку.

На ўсходнім Падляшшы блізка мяжы з Беларуссю характэрныя сёлы з невялічкімі, размешчанымі роўна ў радок, каляровымі хатамі, драўляныя, таксама размаляваныя платы. Вось такі пейзаж Падляшша Вы імкнецеся ўвекавечыць на здымках?

- Вось такі хачу захаваць, але Падляшша падзелена на макрарэгіёны, кожны адметны: Сакольшчына, Бельшчына, Гайнаўшчына. Яны, напрыклад, адрозніваюцца выразкамі на хатах, над вокнамі, на ганках, адрозніваюцца сваімі знакамі. Напрыклад, каля Дубровы Беластоцкай многа знакаў сонца, у іншым рэгіёне над вокнамі птушкі, нейкая жывёла. Гэтым і адрозніваюцца макрарэгіёны. У Сямяцічах на выразках няма птушак, там геаметрычныя фігуры.

Раней, 10 гадоў таму Вы вандравалі з фотаапаратам па Літве, Украіне і Беларусі. Рабілі здымкі аб’ектаў архітэктурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Што вам падабалася найбольш?

- Пераважна палацы і панскія двары, напр. дом у Жамыслаўлю (Гродзенская вобласць- рэд.), у мінулым гэты палац належаў Раецкім і гэта мяне зацікавіла (такое супадзенне прозвішчаў). Таксама ў Райцы Раецкія мелі двор. Акрамя гэтага, у Беларусі багата цікавай прыроды: Палессе з Пінскам і багнамі, сам Пінск вельмі цікавы горад, Магілёў, нават Мінск – супер горад для наведвання! Шмат цікавага на ўскраінах Мінска і пад Мінскам. Там, здаецца, здабывалі жалезную руду, дакладна не ведаю, але тэрыконы, якія там былі, мяне захапілі, атрымаліся выдатныя здымкі, шматколерныя. У кожным месцы можна штосьці цікавае высачыць.

І гэта таксама выдатны і багаты фотаархіў Беларусі.
Госцем нашага эфіру быў фатограф-аматар Юрка Раецкі. Яго здымкі з Падляшша можна паглядзець у ФБ – профіль Klimaty Podlasia.

Яшчэ хачу адзначыць, што Юрка робіць таксама здымкі падляскай ежы. Агуркі, грыбы ў слоіках, вэнджаныя каўбасы, блінчыкі вясковых гаспадынь – настолькі рэалістычныя і смакавітыя, што да фатографа звяртаюцца турысты з просьбай завесці іх у гэтыя месцы. І ён іх заводзіць.

Гутарыла Яланта Смялоўская


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы