Беларуская Служба

Штогод 15 траўня адзначаецца Дзень польскай незабудкі

15.05.2020 08:09
Гэтае свята прыроды папулярызуе пазітыўныя бакі прыроды, стала нагадвае пра ахову навакольнага асяроддзя і захаванне біялагічнай разнастайнасці Польшчы.
Аўдыё
  • Штогод 15 траўня адзначаецца Дзень польскай незабудкі
Незабудкіwebentwicklerin/pixabay.com/CC0

Гэты дзень таксама ставіць мэту, каб захаваць ад забыцця важныя хвіліны ў жыцці, людзей, месца і сітуацый.

Запачаткаваў акцыю ў 2002 годзе рэдактар Першай праграмы Польскага радыё Анджэй Залеўскі (памёр у 2011 годзе), які вёў перадачу «Экапатруль». Журналіст вёў перадачу 14 лютага, у Валянцінкі, і вырашыў, што ў Польшчы люты мала атаесамляецца з каханнем. Часам закаханых павінен быць месяц май, калі ўсё цвіце.

Але яго задума была значна глыбейшая. «Польская незабудка» – гэта запрашэнне будаваць моцныя, глыбокія сувязі з самымі блізкімі і шчырае сяброўства з людзьмі вакол нас. Нагадвае, якія каштоўнасці маюць лакальныя традыцыі, ці творы чалавечай думкі.

Анджэй Залеўскі звяртаў увагу, што экалогія – гэта не толькі ахова прыроды з вялікай літары «А», то бок запаведнікі, паркі і помнікі прыроды. Гэта таксама праца, якую можна зрабіць у штодзённым жыцці: ашчаджанне вады, электраэнергіі, не засмечванне наваколля, не распальванне вогнішчаў у неадпаведных для гэтага месцах. Гэта ўсё месціцца ў ідэі «Польскай незабудкі».

Пра вытокі свята ўзгадвае ляснік Эдыта Навіцка з прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы»:

-Рэдактар Залеўскі падчас адной з радыёперадач разам са сваімі слухачамі прыйшоў да высновы: калі галандцы маюць цюльпаны, ангельцы гіяцынты, французы нарцысы, а тырольцы эдэльвейсы, то чаму б палякі не маглі мець сваю кветку. А чаму незабудка? Таму што польская прырода такая цудоўная, нязнішчаная, што там ёсць незабудкі.

Першы Дзень польскай незабудкі прайшоў 15 траўня 2002 году. Праз дзесяць гадоў Анджэй Залеўскі так успамінаў пра «Польскую незабудку»:

-Я вельмі рады, што «Дзяржаўныя лясы» прынялі пратэкцыю для ідэі Свята польскай незабудкі, якое ўжо дзесяць гадоў функцыянуе ў Польшчы. Развіваецца павольна, але развіваецца. Нашыя праціўнікі казалі нам, што мы не пераможам Валянцінак. Але я рады, што я маю ўжо 800 школаў у цэлай Польшчы, што маю 15 гарадоў. Мы павінны з гэтага месца несці ў Польшчу павагу да лесу, павагу да прыроды, што мы з’яўляемся часткай прыроды. Гэтая кветка павінна нас вучыць не толькі павазе да прыроды, але таксама любові да людзей, сардэчнасці, памяці аб сям’і, аб краіне, аб Айчыне.

Кожны год «Дзяржаўныя лясы» і Польскае радыё ладзіла адмысловае свята. У гэтым годзе асабісты кантакт па прычыне эпідэміі з’яўляецца немагчымым. Але можна купіць букецік незабудак і ўручыць блізкай асобе, гаворыць Эдыта Навіцка.

-Нагадаю, што ў міжваенныя часы існавала прыгожая традыцыя высылання паштовак з незабудкамі, каб даваць узаемна доказы сардэчнасці, любові, доказы памяці. Незабудка – не забывай. Не забывай таксама пра лясы, пра павагу да іх, да захоўвання чысціні ў лясах. Трэба памятаць, што ёсць лясы, ёсць леснікі, а мы ўсе павінны быць адзін для аднаго сардэчнымі.

Першыя святкаванні адбыліся 15 траўня 2002 году. Паступова да акцыі далучаліся розныя СМІ, потым пчаляры, леснікі і іншыя асяроддзі, звязаныя з навакольным асяроддзем, садкі і школы, вучні якіх клапоцяцца пра мясцовую флору і фаўну. Да Польскай незабудкі далучаюцца таксама фермеры, якія вядуць экалагічныя гаспадаркі.

Незабудка па-грэцку азначае «вуха мышы», гэтая кветка лічыцца сімвалам памяці.
Блакітныя, прыгожыя кветачкі на столькі незаўважальныя, што мусяць звяртаць на сябе ўвагу і прасіць, каб іх не забылі. Гэты матыў паяўляецца ў многіх легендах. Здымкі незабудкі паяўляюцца на шматлікіх паштоўках, карцінках і вышыванках.

Між тым, незабудкі добра прыжываюцца ў розных умовах. Сярод каля 100 відаў незабудкі, большасць з іх аддае перавагу цяністым і прахалодным месцам, хаця іх можна знайсці і ў балотнай зоне каля вадаёмаў, на сухіх лугах альбо ў альпійскай зоне.

Незабудкі сустракаюцца практычна на ўсіх кантынентах і паўсюль маюць агульную структуру бутонаў і кветак. Кветкі малюсенькія, часцей за ўсё светла-блакітныя, а ў асновы пялёсткі – жоўты колер, гэтак званая шапачка. Яна паказвае насякомым шлях да нектара і з'яўляюцца дадатковым дэкаратыўным элементам кветак. Незабудкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю, як дэкаратыўныя расліны.
Мала хто ведае, што гэтую кветку, акрамя дэкаратыўных уласцівасцей, можна выкарыстоўваць і ў лячэбных мэтах. Спецыяльная настойка «незабудка» звычайна выкарыстоўваецца для лячэння кашлю, бранхіту, сухотаў, ларынгіту і фарынгіту, а таксама насавых крывацёкаў.

Незабудкі таксама выкарыстоўваюць для стварэння настоек і адвараў, якія ўжываліся падчас інфекцыі дыхальных шляхоў.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце