Беларуская Служба

23 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень бацькі

23.06.2020 14:08
Нельга недаацэньваць ролю бацькі ў выхаванні дзіцяці.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay.com/Bob_Dmyt

Сёння ў Польшчы, а таксама ў іншых краінах свету адзначаецца Дзень бацькі. Праўда, свята ў Польшчы мае крыху менш маштабны характар, чым Дзень маці, тым не менш, дзеці, як малыя, так і дарослыя, стараюцца ў гэты дзень павіншаваць сваіх татаў з іх святам, уручыць дробны падарунак або нейкую рэч, зробленую ўласнымі рукамі.

Міжнародны дзень бацькі адзначаецца на свеце ўжо больш за сто гадоў. Свята прыдумала Санора Дод (Sonora Dodd) з Вашынгтону, якая хацела такім чынам ушанаваць свайго бацьку Уільяма Смарта (William Smart), ветэрана грамадзянскай вайны ў ЗША. Упершыню свята адзначалася ў ЗША ў чэрвені 1910 года. Ідэя спадабалася і прыжылася на цэлым свеце.

А вось як дзеці ў Польшчы гавораць пра сваіх бацькаў.

- Калі б не мой тата, мяне не было б на свеце. З татам я люблю падарожнічаць, бываць у новых месцах, наведваць ваенныя бункеры. Напрыклад, ён памагае мне рабіць дамашняе заданне.У яго заўсёды знойдзецца для нас час, але пры гэтым ён таксама зарабляе грошы.

Тата грае ў футбол. Ён высокі, мілы. Мой тата носіць акуляры, любіць смяяцца. У мяне добры тата.

Я б хацеў падарыць майму таце вялікі дом. Я хацеў бы яму падарыць мільён долараў. А я хацеў бы купіць таце арыгінальны гадзіннік.

Чаму вучаць сваіх дзяцей мужчыны? Як правіла дзякуючы бацькам дзеці вучацца ездзіць на ровары, пазнаваць маркі машын, таты запрашаюць дзіця на першы футбольны матч або іншае спартыўнае спаборніцтва і прывіваюць любоў да спорту. А многія таксама вучаць дзяцей гатаваць.

А вось меркаванні саміх бацькаў:

- Калі нараджаецца сын, мяняецца цэлы свет, паяўляюцца пачуцці, якіх раней не было. Паяўляецца вялікая адказнасць і паяўляецца вялікая радасць ад выхавання. Я – бацька ўжо пяць гадоў, з таго часу я значна часцей усміхаюся. Кожная ўсмешка на твары майго сына выклікае ўсмешку таксама на маім твары.

У мяне трое дзяцей, для якіх варта жыць, для якіх варта прысвячаць час, якіх я кахаю. Я хацеў бы, каб для маіх дзяцей слова «тата» было асацыяцыяй пачуцця бяспекі. Гэта значыць, што ёсць нехта, хто заўсёды працягну руку дапамогі.

Шмат цярпення трэба мець, каб выхоўваць дзяцей. Дзеці замацоўваюць сям’ю. Дзіця – гэта спачатку тэст на вытрымку. Калі яно нараджаецца, адразу вельмі цяжка, а пазней з кожным днём усё больш радасці.

Паводле дадзеных польскага Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS), усё больш бацькаў актыўна ўключаецца ў працэс выхавання дзіцяці. Па словах прэс-сакратара аддзялення ZUS у Сілезіі Бэаты Капчыньскай, польскія законы даюць бацькам магчымасць заняцца патомкам. За перыяд апекі над нованароджаным сынам або дачкой бацька можа атрымаць фінансавую дапамогу, можа карыстацца дэкрэтным і бацькоўскім водпускам.

- У Сілезскім ваяводстве за перыяд са студзеня па красавік бягучага года мацярынскі водпуск атрымала амаль 37 тыс. жанчын. У гэты ж перыяд водпускам скарысталася 9 тыс. мужчын. Многія мужчыны карыстаюцца законнай магчымасцю атрымаць бацькоўскі водпуск.

У Польшчы існуе бацькоўскі дэкрэтны водпуск, якім можа скарыстацца выключна мужчына з нагоды нараджэння дзіцяці. Сёлета перыяд водпуску складае 2 тыдні, з захаваннем поўнага памеру зарплаты.

Дзень бацькі адзначаецца ў Польшчы ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Аднак гэтае свята значна менш папулярнае, чым дзень маці, які адзначаецца 26 мая. Звязана гэта між іншым з традыцыйнымі поглядамі большасці людзей, якія лічаць, што ў выхаванні дзіцяці значна важнейшую ролю выконвае маці, чым бацька. Гэта, канешне, стэрэатып. Псіхолагі кажуць, што роля бацькі не менш істотная, чым маці. Меркаваннем спецыялістаў, менавіта бацька ставіць дзіцяці межы, вучыць адказнасці і паслядоўнасці ў дзейнасці, паказвае, як перамагаць цяжкасці. Тата з’яўляецца першым і вельмі важным узорам мужнасці для сына або дачкі. Акрамя таго, на свеце былі праведзеныя даследаванні, якія паказалі, што лепш з цяжкасцямі ў дарослым жыцці спраўляюцца асобы, якіх выхоўваў адзінокі бацька, чым адзінокая маці. Зразумела, найлепш, калі дзіця гадуецца ў поўнай сям’і, дзе ёсць і мама, і тата, але нельга недаацэньваць ролю бацькі ў выхаванні.

нг