Беларуская Служба

Трыццаць гадоў таму ўрокі рэлігіі вярнуліся ў польскія школы

06.09.2020 09:26
 Раней, на працягу амаль 30 гадоў, катэхэза праходзіла ў парафіі.
Аўдыё
  • Трыццаць гадоў таму ўрокі рэлігіі вярнуліся ў польскія школы
За партай у ліцэіфота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У жніўні 1990 году ўрад Тадэвуша Мазавецкага прыняў рашэнне, што з новага навучальнага году ўрокі рэлігіі змогуць зноўку адбывацца ў школах. Раней, на працягу амаль 30 гадоў, катэхэза праходзіла ў парафіі.

Вяртанне да ўрокаў рэлігіі ў школах пасля 1989 году праходзіла ў бурлівай атмасферы. Частка грамадства ўспрымала гэтае рашэнне як нязгоднае з правам. У 1991 годзе Канстытуцыйны суд вынес рашэнне, што закон не быў парушаны. Тагачасны амбудсмэн грамадзянскіх правоў Тадэвуш Зяліньскі паставіў пад сумнеў выстаўленне адзнакі па рэлігіі ў гадавых адзнаках. Аднак скарга амбудсмэна ў Канстытуцыйны суд у 1993 годзе была адхіленая. Канчаткова навука катэхэзы ў школах была зацверджаная Канстытуцыяй з 1997 году.

Ксёндз Марэк Коргуль, сакратар Камісіі па справах каталіцкага выхавання польскага епіскапату, нагадвае прычыны, па якіх рашэнне аб вяртанні ўрокаў рэлігіі ў школы было прынятае:

-Чаму Касцёл дабіваўся вяртання ўрокаў рэлігіі ў школы? Гэтага хацела грамадства. Мы помнім гімн: Мы хочам Бога, а ў другім куплеце: Мы хочам Бога ў кнізе, у школе. Значэнне адыграла польская традыцыя, 1050 гадоў хрысціянскай Польшчы не могуць быць незаўважаныя ў школе. Гэта таксама было выпраўленне крыўды выдалення рэлігіі са школы.

Ксёндз Марэк Коргуль нагадвае, што ўрокі рэлігіі былі ў школе перад Другой сусветнай вайной і ў першыя пасляваенныя гады:

-З 1945 году ўрокі рэлігіі былі абавязковымі. У гадавых адзнаках яна была на першым месцы. Выпускныя класы здавалі абавязковы экзамен па рэлігіі. Усё пачалося мяняцца са снежня 1948 году, калі ўлада пачала даваць выразныя сігналы, што будзе будаваць новую дзяржаву па ўзоры Савецкага Саюзу, дзе не было прадугледжана месца для рэлігіі ў публічнай сферы.

У выніку камуністы знялі катэхэзу са школаў у 1961 годзе, але крокі ў гэтым напрамку пачалі рабіцца раней.

-Пачалося канешне не з таго, што ўрокі рэлігіі наўпрост выкінулі са школы. Пачаткова пачаліся звальненні настаўнікаў, іх звальнялі без называння прычын. Таксама абмежавалі колькасць урокаў з двух да адной гадзіны ў тыдзень. Забаранялася маліцца і са школаў пачалі выдаляць крыжы. Навучальны год 1949/50 быў апошнім, калі ўрокі рэлігіі былі ў школьным плане.

Паводле Статыстычнага інстытуту Каталіцкага касцёла, у мінулым школьным годзе 87,6% вучняў удзельнічалі ў катэхэзе. Гэта крыху менш, чым годам раней (88%). У польскіх школах працуе каля 30 тысяч катэхэтаў. Амаль 60% з іх – гэта свецкія.

Цяпер урокі рэлігіі не з’яўляюцца абавязковымі. Вучань можа замест іх выбраць этыку, можа хадзіць на абодва заняткі, а можа ўвогуле не хадзіць. Рашэнне аб удзеле прымаюць бацькі, а калі вучань паўнагадовы, то выбар ён робіць самастойна. Адзнака з рэлігіі і этыкі ўлічваецца ў сярэднюю адзнаку.

Наяўнасць рэлігіі ў школах замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Польшча ад 2 красавіка 1997 года. У пункце 4 артыкула 53 гаворыцца: «Рэлігія Касцёла ці іншага рэлігійнага аб'яднання з рэгуляваным прававым становішчам можа выкладацца ў школе, а свабода сумлення і веравызнання іншых асоб не можа быць парушана».

У 23 краінах Еўрапейскага Звязу дзеці і моладзь вывучаюць рэлігію ў дзяржаўных школах, а ў чатырох, такіх як Балгарыя, Францыя, Люксембург і Славенія, рэлігія выкладаецца ў царкоўных памяшканнях ці толькі ў канфесійных школах. У 15 краінах ЕЗ удзел ва ўроках рэлігіі зʼяўляецца добраахвотным (неабавязковым) у залежнасці ад волі бацькоў ці саміх вучняў старэйшых класаў. Гэта Бельгія, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Іспанія, Нідэрланды, Ірландыя, Літва, Латвія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Венгрыя і Італія.

Выкладанне рэлігіі трактуецца як перадача пэўнага «культурнага кода», неабходнага для разумення навакольнай рэчаіснасці і цывілізацыйнай спадчыны.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры