Беларуская Служба

Польскі суд адмовіўся выдаць Галандыі жанчыну, аб'яўленую ў вышук

22.09.2020 13:13
У Галандыі ў маці адабралі дзіця, таму яна прыехала шукаць абароны ў Польшчы.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneBillion Photos/shutterstock

Акружны суд у Варшаве прыняў адмоўнае рашэнне аб магчымасці выдачы ўладам Галандыі Кацярыны дэн Гертаг (den Hertog), супраць якой быў выдадзены Еўрапейскі ордар на арышт (ENA).

Гэтая справа цягнецца ўжо некалькі гадоў. Сям’я дэн Гертаг стала вядомай, калі ў Каці і Конрада дзяржаўныя органы адабралі іх сына Марціна, які пакутуе ад аўтызму. Прычынай жорсткага рашэння было быццам бы тое, што бацькі не клапаціліся аб хлопчыку. Такія абвінавачанні высунулі супраць сям’і суседзі. На працягу году Марцін знаходзіўся ў сацыяльным прытулку для дзяцей, а маці і бацька толькі праз нейкі час атрымалі магчымасць наведваць сына. У канцы канцоў Конрад і Кацярына вырашылі з’ехаць у Польшчу разам з сынам, паколькі разлічвалі на тое, што тут правы бацькоў ахоўваюцца лепш, чым у Галандыі. Тады супраць бацькоў сямігадовага Марціна быў выстаўлены Еўрапейскі ордар на арышт.

Паводле заканадаўства Еўрапейскага Саюзу, пры выдачы ордару на арышт, экстрадыцыя асобы, якой ён датычыць, павінна наступіць на працягу 90 дзён з дня арыштавання або на працягу 10 дзён, калі затрыманы чалавек дае згоду на экстрадыцыю.

У 2018 годзе Марціна прадстаўнікі галандскіх сацыяльных службаў сілаю адабралі ў бацькоў і вывезлі ў дом апекі для непаўналетніх. Бацькі ў чэрвені бягучага году вырашылі з’ехаць з Галандыі і шукаць дапамогі ў Польшчы. Ім удалося забраць у Польшчу таксама сына.

Надоечы Акружны варшаўскі суд выдаў рашэнне аб адмове выдачы Галандыі маці Марціна Кацярыны Гертаг. У абгрунтаванні рашэння ён падкрэсліў, што выдача Еўрапейскага ордару на арышт бацькоў дзіцяці парушыла правы чалавека і грамадзяніна – права на свабоду маці хлопчыка. Суддзя Дарыюш Лубоўскі звярнуў увагу на тое, што галандская сацыяльная служба адабрала дзіця ў бацькоў і змясціла яго на 13 месяцаў у закрыты тэрапеўтычны цэнтр без магчымасці кантакту з бацькамі.

- Бацькі Марціна былі пастаўленыя галандскімі ўладамі ў сітуацыю, з якой не было абсалютна ніякага выхаду. У іх адабралі іх адзінае дзіця, але пры гэтым яны не пачулі ў свой адрас ніякіх абвінавачанняў, яны не ведалі, у чым была іх віна. Ім не далі магчымасці змяніць свае паводзіны, памяняць стаўленне да дзіцяці. На працягу 13-ці месяцаў не адбывалася нічога з пункту гледжання бацькоў.

Рашэнне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу, але яно вельмі цешыць бацькоў. Адзін з іх юрыдычных прадстаўнікоў, юрыст Бабкен Ханзадыян (Babken Khanzadyan) адзначае, што суд прыняў пад увагу шматграннасць дадзенай справы.

- Самае важнае ў дадзенай справе стала тое, што дабро дзіцяці, дабро асобна ўзятай сям’і перамагло. Польскі суд у чарговы раз паказаў, чый бок справы неабходна трымаць. Дабро дзіцяці – гэта перш за ўсё магчымасць быць разам з бацькамі, дзякуючы якім дзіця можа развівацца, менавіта яны выхоўваюць малога чалавека. Самае важнае тое, што польскі суд звярнуў істотную ўвагу на тое, што дзіця мае асаблівасці развіцця, а такія дзеці могуць у Галандыі падлягаць нават эўтаназіі. Суд даволі старанна пазнаёміўся з заканадаўствам Каралеўства Нідэрландаў, і яго рашэнне вельмі радуе мяне і пана Конрада.

Малы Марцін, якому цяпер 7 гадоў, прыйшоў на свет у аўстралійска-расійскай сям’і, якая пражывала ў Галандыі. Бацька Марціна, Конрад – праграміст, маці Кацярына – па адукацыі юрыст. Дзякуючы назіранням бацькоў, Марціну ў раннім дзяцінстве быў пастаўлены дыягназ цяжкай формы аўтызму. Галандскія ўлады пачалі цікавіцца сям’ёй пасля даносаў з боку суседзяў, што бацькі могуць карыстацца ў адносінах сына недазволенымі метадамі выхавання. Сацыяльныя службы не пажадалі ўзяць пад увагу факт, што пры дадзенай форме аўтызму ў дзіцяці назіраюцца некантраляваныя прыступы агрэсіі. Было вырашана, што прычынай паводзінаў хлопчыка стала нядбайнасць з боку бацькоў. Марціна ноччу без папярэджання забралі з роднага дому, калі нават не было яшчэ рашэння адпаведных дзяржаўных органаў.

На працягу звыш году бацькі мела абмежаваны кантакт з сынам, пазней ім дазволілі бачыцца з ім цягам некалькіх гадзін у тыдзень. Сустрэчы з мамай і татам вельмі цешылі Марціна, ён прасіў забраць яго з цэнтру для малалетніх. Бацькі прынялі няпростае рашэнне пакінуць сваё жыццё ў Галандыі і з’ехаць у Польшчу. Тут яны падалі заяву на атрыманне статусу ўцекача.

слухайце аўдыё