Беларуская Служба

Палякі падтрымліваюць пратэсты ў Беларусі, яны вітаюць беларускіх ды ўкраінскіх імігрантаў

20.01.2021 15:07
На думку жыхароў Польшчы, абарона правоў чалавека і свабоды з’яўляецца неад’емнай часткай замежнай палітыкі дзяржавы.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/OpenClipart-Vectors/CC0 creative commons

Выданне Rzeczpospolita друкуе вынікі апытання, праведзенага па даручэнні Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення. Палякі падтрымліваюць пратэсты ў Беларусі, яны вітаюць беларускіх ды ўкраінскіх імігрантаў. Большасць палякаў мяркуе, што абарона правоў чалавека ці такіх каштоўнасцяў, як свабода, з’яўляецца неад’емнай часткай замежнай палітыкі дзяржавы. Жыхары Польшчы згодныя, што неабходна блізка супрацоўнічаць з Украінай і падтрымліваюць барацьбу беларусаў за свабоду.

Палякі гатовыя аказваць падтрымку беларусам, якія падвяргаюцца рэпрэсіям у сябе на радзіме, хаця фінансавая сітуацыя Польшчы цяжкая з-за пандэміі. Амаль 90% палякаў сочыць за пратэстамі ў Беларусі. На думку апытаных, мэтай польскай замежнай палітыкі павінна быць падтрымка незалежнасці гэтай дзяржавы, дапамога беларускай апазіцыі і польскай меншасці ў Беларусі. Палякі вельмі хацелі б, каб у будучыні Беларусь ды Украіна сталі членамі НАТА і ЕС. Цікава таксама, што пераважная большасць апытаных кажа пра пазітыўныя ўражанні ад кантактаў з украінцамі.


Гэтае ж выданне інфармуе таксама пра тое, што на беларуска-расійскай мяжы могуць паявіцца пасты расійскай разведкі (ФСБ). Украінскі тэлеканал ТСН абнародаваў дакумент, перахоплены хутчэй за ўсё разведкай Кіева. Гаворка ідзе пра ліст кіаўнкіа беларускага Дзяржаўнага пагранкамітэту Анатоля Лапо да віцэ-старшыні ФСБ Расіі Уладзіміра Кулішова. Беларускі генерал прапануе стварыць пастаянныя беларуска-расійскія разведпункты.

Украінскія журналісты прыйшлі да высновы, што такім чынам іх мяжа з Расіяй дэ-факта падоўжыцца неўзабаве на амаль тысячу кіламетраў. Тым часам крыніца выдання ў Кіеве кажа, што супрацоўнікі расійскай Федэральнай службы бяспекі даўно ўжо падтрымліваюць беларускіх пагранічнікаў. Магчыма, цяпер адбываецца легалізацыя іх юрыдычнага статусу, каб яны маглі прабываць на мяжы на пастаяннай аснове.

нг