Беларуская Служба

Як 26 гадоў таму, так і цяпер, існуе рэальная пагроза страты незалежнасці

13.04.2021 13:19
26 гадоў таму адбыліся падзеі, што сталі пачаткам аўтарытарнай улады ў Беларусі.
Аўдыё
Афіцыйныя сцягі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусьфота: БелТА

26 гадоў таму, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, адбыліся падзеі, што сталі пачаткам аўтарытарнай улады ў Беларусі. Сілаю была спыненая галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад Беларускага Народнага Фронту, якія пратэставалі супраць рэферэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам.

Дэпутаты, якія аб’явілі галадоўку супраць рэферэндуму, былі збітыя і сілаю выкінутыя з Вярхоўнага Савету. На наступны дзень, 13 красавіка, астатнія дэпутаты парламенту зацвердзілі правядзенне галасавання, падчас якога, між іншым, былі змененыя дзяржаўныя сімвалы, а прэзідэнт атрымаў права роспуску парламенту.

На думку аднаго з удзельнікаў тых падзей, гісторыка, былога дэпутата партыі БНФ Валянціна Голубева, тады востра стаяла пытанне захавання дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, якая магла быць страчана.

- Тады, магчыма, было прасцей страціць незалежнасць. Старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч аб’явіў палітыку аб’яднання грашовых сістэм Беларусі і Расіі. Гэта страшней, чым вайсковы саюз, які мы цяпер маем. Калі адбудзецца аб’яднанне грашовых сістэмаў, Расія паглыне Беларусь. Тады, у 90-ыя гады, насельніцтва так не цаніла незалежнасць, як цяпер. Скажам, Украіна не была гатовая бараніць сваю незалежнасць падчас канфлікту на Данбасе. На маю думку, у Беларусі вялікая колькасць грамадства гатовая цяпер бараніць незалежнасць. Каштоўнасць дзяржавы зараз важная для апанентаў з любога боку.

У тым, што беларускае грамадства будзе кожнаю цаною бараніць незалежнасць, не ўпэўнены эксперт па міжнародных адносінах Андрэй Фёдараў. Цяпер назіраецца вялікая канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай, чуваць галасы аб тым, што Масква можа распачаць баявыя дзеянні з мэтаю прасунуць свае войскі на ўкраінскую тэрыторыю. У такім выпадку пад пагрозаю была б таксама незалежнасць беларускай дзяржавы.

- Галоўнае тут – якія мэты будзе ставіць перад сабою Масква. Калі яна паставіць мэту анексаваць Украіну, Наваросію стварыць, яна можа палічыць, што ёй губляць ужо няма чаго, чаму б пад шумок не захапіць і Беларусь, каб не было ваганняў: то Лукашэнка з Захадам дамаўляецца, то з Масквой сябруе, каб пакончыць з гэтым пытаннем раз і назаўсёды. Я не ўпэўнены, што беларуская армія будзе супраціўляцца гэтаму, тут вельмі моцныя прарасійскія настроі, і не ўпэўнены, што большасць насельніцтва будзе гэтым незадаволена. Мяркую, што зараз больш будзе супраць, чым год таму, але не значная большасць.

Украінскія ўлады моцна занепакоеныя канцэнтрацыяй расійскіх войскаў на мяжы з Украінай і ў Крыме. Гэтае пытанне стане адной з тэм сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС 19 красавіка.

нг