Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы: Катынская разня – гэта генацыд польскай інтэлігенцыі (ФОТА)

13.04.2021 13:51
Палякі ўшанoўваюць памяць 22 тысяч польскіх ваеннапалонных, забітых функцыянерамі НКУС у 1940 годзе.
Аўдыё
  • Палякі адзначаюць Дзень памяці ахвяраў Катынскай разні.
              .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўскладае кветкі да Катынскага помніка на Замкавай плошчы ў Варшаве.PAP/Andrzej Lange

Палякі адзначаюць Дзень памяці ахвяраў Катынскай разні. Сёння мінае 81 год з  моманту забойства амаль 22 тысяч польскіх ваеннапалонных па загадзе Сталіна. Паводле гісторыкаў, забіваючы польскіх патрыётаў, саветы хацелі сцерці Польшчу з карты Еўропы і прадухіліць адраджэнне краіны ў будучыні.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. PAP/Andrzej Lange Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. PAP/Andrzej Lange

Ускладаючы кветкі да Катынскага помніка на Замкавай плошчы ў Варшаве прэзідэнт Польшчы сказаў, што сённяшняя прысутнасць у такіх месцах - гэта абавязак ушанавання памяці ўсіх ахвяр савецкага генацыду. Анджэй Дуда нагадаў, што магілы забітых палякаў знаходзяцца ў многіх месцах на тэрыторыі ўсяго былога СССР:

- Сёння мы ўшаноўваем памяць нашых афіцэраў. Кантынскі помнік, тут у Варшаве, які калісьці адкрыў палкоўнік Кукліньскі, гэта помнік усім афіцэрам і жаўнерам Войска Польскага забітым на тэрыторыі Савецкага Саюза пасля 17 верасня 1939 года. Гэтых месцаў, дзе забівалі палякаў на тэрыторыі былога СССР, вельмі шмат. Гэта не толькі Катынь ці Харкаў.

Mіністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак. PAP/Leszek Szymański Mіністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак. PAP/Leszek Szymański

Палякі павінны адкрыта казаць пра падзел краіны, здзейснены ў 1939 годзе Трэцім Рэйхам і Савецкім Саюзам, лічыць міністр нацыянальнай абароны Польшчы, які ўсклаў кветкі ў Катынскім музеі. Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak) нагадаў, што палякі сталі ахвярамі жорсткіх рэпрэсій з боку абодвух акупантаў:

- Як нямецкія, так і савецкія акупанты жудасна ставіліся да польскага народу. Сімвалам гэтага стаўлення з’яўляюцца з аднаго боку Катынь, а з другога Пальміры. Катынь – гэта святое для палякаў месца. Прамяць пра польскіх герояў, забітых савецкім метадам, то бок стрэлам у патыліцу, будзе вечная.

Cпікер польскага Сейма Эльжбета Вітэк. PAP/Leszek Szymański Cпікер польскага Сейма Эльжбета Вітэк. PAP/Leszek Szymański

Аднак спікер польскага Сейма Эльжбета Вітэк (ElżbietaW itek) падкрэсліла, што і цяпер робяцца спробы сцерці гэтую памяць:

- Іх лёс быў жорсткі толькі таму, што яны былі палякамі. Злачынства было метадычнае і запланаванае. Абавязак кожнага паляка - памятаць і такім чынам пакласці канец гэтай хлусні, якая на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў функцыянавала ў грамадскай прасторы. На жаль, дзе-нідзе яна функцыянуе надалей.       

Адам Хлебовіч(Adam Chlebowicz) з Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве падкрэслівае, што 13 красавіка - сімвалічная дата для палякаў:

- Па загадзе Сталіна, Берыі і іншых лідараў Савецкага Саюза палякаў забівалі ад канца красавіка да пачатку траўня 1940 года. Мэтай згаданага злачынства было пазбавіць Польшчу „галавы”, то бок элітаў, якія ачольвалі народ, кіравалі Польшчай.   

Дзень памяці ахвяр Катынскай разні прыпадае на гадавіну публікацыі Трэцім Рэйхам - 13 красавіка 1943 года - афіцыйнай інфармацыі аб выяўленні брацкіх магілаў польскіх афіцэраў у Катыні. Праз два дні Маскоўскае радыё агучыла версію савецкіх уладаў, што ў Катынскім злачынстве вінаватыя немцы, якія здзейснілі яго ў 1941 годзе. Гэтую ілжывую версію на працягу доўгіх гадоў распаўсюджвала камуністычная прапаганда, а ўслед за ёй – улады ПНР. Савецкі Саюз афіцыйна прызнаўся ў здзяйсненні гэтага злачынства толькі праз пяцьдзясят гадоў - 13 красавіка 1990 года:

- Сталін быў перакананы, што ў будучыні пяройме кантроль над Польшчай, нават пры дапамозе падначаленага яму „польскага ўраду”. Таму забойства больш за 20 тысяч людзей было дальнабачным савецкім інтарэсам, каб польскі народ не думаў самастойна і здаўся ў рабства.

У адпаведнасці з сакрэтнай пастановай, падпісанай 5 сакавіка 1940 года Іосіфам Сталінам і яго паплечнікамі з палітбюро, функцыянеры НКУС расстралялі амаль 22 тысячы польскіх грамадзян, якія трапілі ў палон пасля агрэсіі Савецкага Саюза на Польшчу 17 верасня 1939 года. Расстрэлы адбываліся з красавіка па травень  1940 года ў Катыні, Харкаве і Медным.

Палякаў забівалі стрэлам у патыліцу і хавалі ў безыменных ямах смерці. Сярод расстраляных былі афіцэры Войска Польскага - выдатныя камандзіры і стратэгі, а таксама паліцыянты, чыноўнікі, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, мастакі, пісьменнікі, лекары, настаўнікі і юрысты. Яны складалі эліту нацыі, яе абарончы, інтэлектуальны і творчы патэнцыял.

Забіваючы польскіх патрыётаў, саветы хацелі сцерці Польшчу з карты Еўропы і прадухіліць адраджэнне краіны.

Памяць пра Катынскае злачынства жывая сярод палякаў. 15-18 красавіка Інстытут нацыянальнай памяці ладзіць Міжнародны кінафестываль пра таталітарызмы „Рэха Катыні”, - распавядае дырэктар аддзела нацыянальнай адукацыі Інстытута нацыянальнай памяці Адам Хлебовіч:

 -Інстытут нацыянальнай памяці другі раз арганізаваў  згаданы фестываль, сёлета, па зразумелых прычынах, анлайн. У яго рамках мы пакажам стужкі, датычныя розных таталітарызмаў , у тым ліку, стужкі пра Катынскае злачынства. Мы павінны памятаць пра тое, што Катынь – гэта фундамент незалежнай Польшчы.

Праграму фестывалю „Рэха Катыні” можна знайсці на сайце: www.totalitaryzmy.pl

IAR/аз


Старшыня Сейму: Надалей працягваюцца намаганні перапісаць гісторыю Катынскага злачынства

13.04.2021 10:17
Катынскае злачынства – гэта забойства супрацоўнікамі НКУС па загадзе Сталіна амаль 22 тыс. польскіх афіцэраў і дзяржслужачых.

Прэзідэнт Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр Катынскага злачынства

13.04.2021 12:26
Польскі лідар заявіў, што ў Катыні загінулі розныя людзі, якіх аб'ядноўвала прыналежнасць да Польшчы.