Нягледзячы на пандэмію і то, што людзі ў Польшчы пачалі з’язджаць з вялікіх гарадоў у свае родныя куты, рынак нерухомасці далей развіваецца, рэалізуюцца новыя інвестыцыі. У Польшчы мець уласны дом ці кватэру - гэта паказчык багацця і прэстыжу. Сёння аж 84% людзей жывуць ва ўласным доме, а тыя, хто вымушаны здымаць жыллё, гэта часцей за ўсё студэнты, якія пасля вучобы вяртаюцца дамоў або бяруць крэдыт і купляюць сваё памяшканне.
У Еўропе тэндэнцыя зусім іншыя. У такіх краінах, як Нямеччына, Швейцарыя або Аўстрыя, большасць людзей здымае кватэры. І мы не гаворым тут пра бедных людзей. Сярод швейцараў, якія зарабляюць больш чым 30 тысяч еўра ў год, аж 58% не мае ўласнага памяшкання - інфармуе партал businessinsider.com. Найбольш людзей жыве ў сваім доме ў краінах з другога боку шкалы багацця. Скажам, у Румыніі - там гэты паказчык складае 95%. Адкуль такія розніцы?
Перадусім варта сказаць пра стыль жыцця. Багатыя людзі, што жывуць у Заходняй Еўропе, аддаюць перавагу перамяшчэнню. Яны могуць жыць у розных гарадах, а нават краінах, змяняючы жыллё ледзь не кожны год. Сацыёлагі лічаць, што крэдыты, якія людзі бяруць, каб купіць жыллё, прывязваюць іх да месца і становяцца свайго роду “цяжарам”. Выглядае на тое, што немцы, аўстрыйцы ды швейцары не хочуць браць яго на сябе.
Канешне, важным фактарам з’яўляецца закон. У вышэй указаных краінах, наймальнік мае шмат правоў і стандарты дамоваў пры арэндзе вельмі высокія. Напрыклад, кошт арэнды не можа быць павышаны без “канкрэтных прычын” і такая акцыя мусіць быць заяўлена не менш чым на тры месяцы перад уваходам новых правілаў у жыццё.
Як у гэтай сітуацыі выглядае рынак жылля і яго трэнды? Апошнім часам у Польшчы папулярнай тэмай у СМІ стала “patodeweloperka”. Гэтым словам апісваецца з’ява, якая праяўляецца пабудовай новых шматпавярховікаў у вельмі блізкай адлегласці адзін ад аднаго або арэндаванне маленькіх кватэраў - памерам менш чым 15 квадратных метраў, якія часта знаходзяцца ў вельмі некарысных месцах, напрыклад, у падвале.
Аўтар паняцця “patodeweloperka” – гарадскі актывіст Ян Спевак – так каментуе ўзнікненне гэтай з’явы на сваім блогу:
-Паводле Нацыянальнага банку Польшчы, цана кватэраў павялічыліся за апошнія пяць гадоў на 26% на першасным рынку. На другасным гэты паказчык падняўся ажно на 47%. У Варшаве за мінулы год кошт квадратнага метра стаў вышэйшым на 10%, а ў Кракаве на 13%. Адзін квадратны метр каштуе зараз у сярэднім 11 тысяч злотых. Дзякуючы гэтаму ў апошнія месяцы можам убачыць шмат такіх прапановаў куплі: 18-метровыя кватэры ў цеснай забудове за 11,5 тысяч злотых за метр, 13-метровая кватэра ў падвале за 120 тысяч. “Patodeweloperka” перажывае свае залатыя гады і канца не бачна. Дэвелоперы тлумачаць гэта тым, што новае пакаленне любіць такі стыль жыцця. Хочуць жыць у малых дамах, але блізка цэнтраў. Гэта спроба стварыць ідэалогію пад свае дзеянні. Факты тымчасам зусім простыя: палякі – бедныя, а жыллё – дарагое.
У сваю чаргу, так для нас з’яву пракаментаваў Даніел Аленіус, вядомы як блогер “Беларускі ўрбаніст”:’
-Наконт таго, што бачна з вокна суседа – гэта нармальна ў Савецкім саюзе. Былі нормы інсталяцыі і гэта адпавядала таму, што ў пачатку 20 стагоддзя Шарль Эдуар Ле Карбюзье, сусветнавядомы архітэктар, які распачаў канстуктывізм, прыдумаў для горада. Ён стварыў канцэпцыю шырокіх гарадоў, мікрараёнаў, агромністых дамоў далёка адзін ад аднаго. Насамрэч звычайныя еўрапейскія квартальчыкі, дзе шчыльна стаяць дамы – даволі добра. Калі яны добра спраектаваны, то тут нічога дрэннага няма. А наконт мікракватэраў – я не сустракаўся пакуль з такімі. У Беларусі зараз DANA пачынае нейкія студыі прадаваць у сваіх “чалавейніках” – гэта жах, але людзі набываюць іх, бо зараз шмат грошы ў каго ёсць. Увогуле шчыльная забудова ідзе, калі яна да пяці паверхаў, то гэта гораду не перашкаджае.
Калі вы збіраецеся купляць жыллё або інвеставаць у гэтую галіну – задумайцеся, наколькі этычным з’яўляецца такі спосаб выкарыстання рынкавых хібаў і ці сапраўды варта забудоўваць гарады “чалавейнікамі”.