Беларуская Служба

Уладзіслаў Іназемцаў: Гэта канец пераможных «каляровых рэвалюцый»

12.05.2021 10:03
Ва ўсім свеце рэжымы ўмацаваліся. Дыктатары адкрыта і беспакарана выкарыстоўваюць гвалт і душаць уласныя грамадствы.
Аўдыё

Якія высновы можна зрабіць з правалу прадэмакратычных сіл у Беларусі, а ў апошні час і ў Расіі? Грамадзяне губляюць веру ў магчымасць перамогі „каляровых рэвалюцый”. Ва ўсім свеце фронт дыктатараў замацаваўся – яны адкрыта і беспакарана выкарыстоўваюць гвалт і душаць уласныя грамадствы, канстатуе на старонках выдання Gazeta Wyborcza вядомы расійскі эканаміст і палітолаг Уладзіслаў Іназемцаў.

Паводле яго, падзеі ў Беларусі маюць вялікае значэнне, паколькі пацвярджаюць заканчэнне тэндэнцыі, якая працягвалася ў 2003-2014 гадах. У гэты перыяд нацыянальныя рухі, якія часта пачыналіся рэакцыяй на „скрадзеныя” выбары, азначалі канец дыктатарскага кіравання ў розных краінах - ад Грузіі да Туніса, ад Украіны да Егіпта.

„Каляровыя рэвалюцыі напалохалі аўтарытарных лідараў па ўсім свеце і прымусілі іх умацаваць сваю ўладу. У 2012 годзе Уладзімір Пуцін вярнуўся ў Крэмль, Рэджэп Таіп Эрдаган пераўтварыў Турцыю ў прэзідэнцкую рэспубліку, а крыху пазней Сі Цзіньпін адмяніў абмежаванні, датычныя тэрміну кіравання ў Кітаі. Фронт дыктатараў умацаваўся, а іх ціск на ўласнае грамадства значна ўзмацніўся. Гэта мела свае наступствы”, - кажа Іназемцаў.

За апошняе дзесяцігоддзе баланс сіл сапраўды пачаў мяняцца. У 2016 годзе турэцкія вайскоўцы падавілі паўстанне і распачалі рашучае наступленне на дэмакратычныя сілы. У 2019 годзе прэзідэнт Нікалас Мадура стварыў паралельны парламент у Венесуэле, з якім ён працягваў ажыццяўляць уладу. У 2020 годзе адбыліся пратэсты ў Беларусі, а ў пачатку гэтага года Пуцін паспяхова здушыў супраціў у Расіі - абвясціў сваіх адкрытых апанентаў экстрэмістамі і практычна выключыў усе магчымасці мірных пратэстаў супраць урада.

Чаму час пераможных „каляровых рэвалюцый” ператварыўся ў перыяд паразы дэмакратычнага руху? Паводле расійскага адмыслоўца, тут трэба ўзяць пад увагу некалькі абставінаў. Па-першае, ва ўсіх разгляданых краінах эканоміка знаходзіцца пад жорсткім кантролем дзяржавы. Ад Венесуэлы да Беларусі і Расіі ўлады падпарадкавалі сабе каналы грашовага патоку, значная частка насельніцтва залежыць ад фінансавай падтрымкі дзяржавы альбо працуе на дзяржаўных прадпрыемствах. Апрача таго, прыватны бізнес цалкам залежыць ад дзяржавы, а даходы ад здабычы і продажу сыравіны з’яўляюцца найважнейшай крыніцай даходаў бюджэту. У выніку значная частка грамадства засталася адносна абыякавай да патрабаванняў пратэстоўцаў. Гэта, у сваю чаргу, дало ўладзе надзею на тое, што сітуацыю зноў удасца ўзяць пад кантроль.  

„Па-другое, у асноўным пратэсты мелі мірны характар (асабліва ў выпадку з Беларусі), таму ўладам даволі лёгка ўдалося пераканаць сілавікоў у тым, што іх можна і трэба здушыць. Сур'ёзны супраціў мог бы прывесці да няўпэўненасці і падзення маральнага духу ў іх шэрагах сілавікоў”, - дадае эксперт.

Па-трэцяе, паводле Іншаземцава, усе краіны, дзе аўтарытарныя рэжымы выжылі ў апошнія гады, а нават узмацніліся, адрозніваюцца вялікім адсоткам эміграцыі актыўных, маладых людзей. Тут выразным прыкладам з’яўляецца Венесуэла, але ў Беларусі і Расіі маштаб эміграцыі найбольш дынамічных грамадзян велізарны. Сотні тысяч беларусаў працуюць і жывуць у Еўропе, каля 2 мільёнаў грамадзянаў Расіі з’ехалі з краіны пры ўладзе Пуціна. А гэта значна аслабляе патэнцыял сацыяльнага пратэсту.

„Па-чацвёртае, нельга ігнараваць факт, што заходнія дэмакратыі абмежаваліся мінімальнымі (магчымымі) формамі падтрымкі нацыянальнага руху. Для прыкладу, калі ў 2019 годзе 57 краін прызналі Хуана Гуайду новым прэзідэнтам Венесуэлы (11 з іх разарвалі адносіны з Нікаласам Мадурам), то ў 2020 годзе ніводная краіна афіцыйна не прызнала Святланы Ціханоўскай лідарам Беларусі ў выгнанні”, - нагадвае эксперт.

Паводле яго, глабальная рэакцыя на падзеі ў Мінску і Маскве была ў асноўным стрыманай. Развітыя краіны на самой справе абралі ролю назіральнікаў і аўтакраты гэта выдатна разумелі.

Ці можна спадзявацца, што дэмакратычныя рухі адновяцца адносна хутка і што аўтакратычныя рэжымы зноў адчуюць пагрозу? Паводле эксперта, не.

„Народу Беларусі спатрэбілася шмат гадоў, каб даць адпор дыктатуры, і леташняя параза часткова знішчыла гэтую надзею. У Расіі найбольш энергічнага лідара пратэсту (Аляксея Навальнага) пасадзілі ў турму, а яго шматлікія паплечнікі - як і у Беларусі – знаходзяцца за мяжой. Улады распачалі сотні крымінальных расследаванняў і змянілі закон такім чынам, каб практычна любога грамадзяніна можна было ўспрымаць як злачынцу. У беларускім грамадстве нарадзілася надзея, але цяпер яна здушаная. Тое ж тычыцца і расійскай дэмакратычнай апазіцыі. Шматлікія лідары пратэстаў і дэмакратычныя ідэолагі гадамі пражываюць за мяжой, непазбежна губляючы здольнасць разумець тое, што адбываецца ў іх краінах”, - канстатуе на старонках выдання Gazeta Wyborcza расійскі эканаміст, палітолаг, кіраўнік Цэнтру даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіслаў Іназемцаў.

аз