Беларуская Служба

У Лодзі паказалі фільм пра акушэрку, якая дапамагала нараджацца дзецям вязняў канцлагера

01.06.2021 08:00
Станіслава Ляшчыньска ў абароне дзяцей не пабаялася нават выступіць супраць славутага лекара канцлагера, якога назвалі Анёлам смерці.
Аўдыё
  • Фільм пра акушэрку з канцлагера
Plakat filmu
Plakat filmumateriały prom.

У Вялікім тэатры ў Лодзі адбыўся прэм'ерны паказ новага дакументальнага фільму аўтарства Марыі Стахурскай пад назваю «Акушэрка». 

У кінастужцы расказана гісторыя, заснаваная на фактах. Гэта падзеі часоў Другой сусветнай вайны, месца акцыі – Асвенцім у Польшчы, дзе знаходзіўся нямецкі нацысцкі канцлагер. Адна з гераічных вязнярак канцэнтрацыйнага лагера ў Аўшвіц Станіслава Ляшчыньска ў тыя жахлівыя часы дапамагла нарадзіцца ў канцлагеры траім тысячам дзяцей.

Як распавяла Польскаму радыё рэжысёр фільму Марыя Стахурска, Станіслава Ляшчыньска ў абароне дзяцей не пабаялася нават выступіць супраць славутага лекара канцлагера, якога называюць Анёлам смерці, доктара Іозефа Менгеле.

- Прыйшло распараджэнне зверху, што дзеці, якія маюць арыйскія рысы, могуць застацца ў жывых. Толькі дзяцей габрэяў неабходна забіваць. Яна сказала катэгарычна «Не», маўляў, што яна не будзе забіваць габрэйскіх дзяцей, ніколі на гэта не пойдзе, не будзе Ірадам. Гэта яе ўласныя словы. Яна сказала Менгеле, што не можа рабіць такія рэчы, паколькі давала клятву Гіпакрата. Што самае дзіўнае, ён яе не забіў, яна далей магла працаваць.

Марыя Стахурска дадае, што ніводнае з тых дзяцей, пры нараджэнні якіх прысутнічала акушэрка Станіслава Ляшчыньска, не памерла падчас родаў.

- Ва ўсім гэтым брудзе, ва ўсім гэтым кашмары, у гэтай абстаноўцы, якая паказвала бессэнсоўнасць жыцця, яна адчайна змагалася за кожнае жыццё. Яе феномен заключаўся не толькі ў тым, што яна выступіла супраць загаду, заявіла, што не будзе забіваць і ратавала гэтых нованароджаных дзяцей, асабліва габрэйскіх. Яна аддавала гэтых дзяцей расіянкам, югаславянкам, каб малечы маглі выжыць. Феномен заключаецца таксама ў тым, што ніводнае дзіця падчас родаў, а таксама ніводная маці, не памерлі.

Унучка Станіславы Ляшчыньскай Эльжбета Вятроўска адзначае, што яе бабуля брала сілу з веры ў Бога. Эльжбета Вятроўска выступае ў фільме пра акушэрку канцлагера. «Вернасць сваёй непахіснай пазіцыі была для яе характэрная на працягу ўсяго жыцця», – кажа жанчына пра сваю гераічную бабулю.

- Ёй прыходзілася змагацца таксама са сваім страхам, са сваім жахам. Яна ж баялася за жыццё, не толькі ўласнае, але таксама сваёй дачкі, якая прабывала разам з ёй. І яна сама, і дачка пастаянна знаходзіліся пад пагрозай страты жыцця. Узнікае пытанне, чаму яна туды трапіла? Бо была акушэркай. Удалося сабраць дакументы, гэта сапраўдны цуд. На маю думку, яна разумела, што ад яе мала залежыць, яна толькі акушэрка, якая ўмее дапамагчы цяжарным жанчынам. Яшчэ ў яе быў ружанец, зроблены з хлеба, ды дапамога Ісуса і Марыі.

У жахлівай рэчаіснасці канцлагера Станіслава Ляшчыньска не адступіла ад сваіх прынцыпаў, хаця нельга сказаць, што яна не баялася. Канешне, яна разумела, што яе ў кожную хвіліну могуць забіць, – гаворыць унучка Станіславы Эльжбета Вятроўска.

- Ёй прыходзілася кожны дзень ахвяраваць сваё жыццё Госпаду Богу, казаць «Божа, ты гэта зрабі, ад мяне ўжо больш не залежыць». У кожны момант яе маглі застрэліць за словы, якія прагучалі з яе вуснаў: «Нельга забіваць». Я памятаю, як яна сама мне расказвала, што Менгеле злаваўся, тупаў нагамі, заціскаў кулакі – «Гэта загад!».

У дакументальным фільме пра акушэрку Станіславу Ляшчыньскую выступаюць як сваякі гераіні, так і дарослыя ўжо дзеці, якія нарадзіліся ў канцлагеры пры яе прысутнасці і дапамозе. Гэта тыя людзі, якіх уратавала галоўная гераіня.

Праца над фільмам працягвалася тры гады. Гэта не цалкам дакументальны фільм, аповед вядзецца накшталт мастацкай кінастужкі. Гісторыю апавядае ўнучка Ляшчыньскай. Аператарам кінастужкі з’яўляецца Павел Собчык, музыку напісаў Міхал Лорэнц.

Станіслава Ляшчыньска нарадзілася ў 1896 годзе ў Лодзі, дзе пазнаёмілася са сваім мужам, нарадзіла дзяцей. Працавала ў мясцовым шпіталі акушэркай. За гераічныя ўчынкі прозвішча Станіславы Ляшчыньскай, у ліку адной з чатырох самых выбітных полек мінулага стагоддзя, было напісана на Кубку жыцця і трансфармацыі народу ў каталіцкім санктуарыі ў Чанстахове.

Фільм «Акушэрка» быў зняты пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Нацыянальнага цэнтру культуры, Польскага тэлебачання і Польскага інстытуту кінамастацтва. Прэм’ера адбылася пад патранатам прэзідэнта Анджэя Дуды і яго жонкі Агаты Карнхаўзер-Дуды.

ІАР ПР/нг