Беларуская Служба

З апошніх зменаў палякаў найбольш радуе адмена дыстанцыйнай вучобы ў школах

15.06.2021 15:43
Апытаныя казалі таксама пра магчымасць пайсці ў рэстаран, адкрыццё спартзалаў, стадыёнаў, канцэрты.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/BlurryMe

Па замове выдання Dziennik Gazeta Prawna і радыёстанцыі RMF FM было праведзена апытанне, якія змены ў антыкавідных мерах палякі лічаць самымі важнымі. Звыш паловы апытаных жыхароў краіны сказала, што для іх самым важным было ўзнаўленне стацыянарных заняткаў у школах, а для звыш 14% – магчымасць пайсці ў рэстаран. Далей апытаныя казалі пра адкрыццё спартзалаў, стадыёнаў, канцэрты.

У апытанні ішла гаворка таксама пра вакцынацыю – што эфектыўней за ўсё схіліць людзей паставіць укол? На першым месцы – так званы кавідны пашпарт, які дасць магчымасць ездзіць за мяжу без неабходнасці праходзіць каранцін, а таксама практычныя справы, як хаця б магчымасць зрабіць прышчэпку другой дозай у кожным пункце вакцынацыі, а не толькі там, дзе быў зроблены першы ўкол.

Выданне піша таксама пра падрыхтоўку да вакцынацыі школьнікаў. Верагодней за ўсё, акцыя пройдзе ў сярэдзіне верасня ў школах. Вучняў можна будзе прышчапляць у школьных медкабінетах, у спартыўных залах, або ў спецыяльным мабільным пункце вакцынацыі. Усё будзе залежаць ад колькасці ахвотных паставіць укол, а таксама ад арганізацыйных магчымасцяў школы. Чуваць, праўда, галасы, што многія дырэктары школаў не хочуць прымаць удзелу ў акцыі, паколькі апасаюцца адказнасці. Юрысты адзначаюць, што няма юрыдычных падстаў, якія прымусілі б школы наладзіць вакцынацыю. Акрамя таго, калі будзе прынята рашэнне прышчапляць таксама малодшыя дзеці, ва ўзросце 7-12 гадоў, то гэта будзе іх першы кантакт з вакцынацыяй у прысутнасці толькі настаўніка і медсястры, а не бацькоў, як было дагэтуль. «Улады хочуць, каб настаўнік рэагаваў на страх дзіцяці. Гэта неэтычна», – мяркуе прафесар Казімеж Пшышчыпкоўскі (Kazimierz Przyszczypkowski) з Універсітэту Адама Міцкевіча ў Познані.

нг