Беларуская Служба

Купальская ноч - вельмі ўнікальная для беларускага народа

23.06.2021 15:10
У ноч з 23 на 24 чэрвеня беларусы здаўна адзначалі народнае свята – Купалле, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплынёй.
Аўдыё
  • Купальская ноч - вельмі ўнікальная для беларускага народа
.
.utroja0/pixabay.com/CC0

У ноч з 23 на 24 чэрвеня беларусы здаўна адзначалі народнае свята – Купалле, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплынёй. У некаторых месцах Купалле адзначаецца паводле Грыгарыянскага календара з 6 на 7 ліпеня.

Лічылася, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» – спяваецца ў народных песнях. Купальская ноч – быццам злучэнне двух несумяшчальных стыхій, агню і вады.
Культуролаг, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, адзін з кіраўнікоў Іркуцкага моладзевага клубу «Крывічы», які цяпер вярнуўся на малую радзіму ў Беларусі, Алег Рудакоў кажа, што ў першую чаргу Купалле – свята ў гонар сонца.

-У першую чаргу Купалле – гэта свята, прысвечанае сонцу. У цэнтр вогнішча мы ставім слуп, а на ім робім кола. Лічыцца, што Купальскае вогнішча павінна гарэць усю ноч, нават калі лье лівень. Лічылася, што вогнішча дае нам жыццёвую сілу, бо дзякуючы сонцу ўсё жыве, квітнее, развіваецца.

Больш за ўсё ў Беларусі захавалася традыцыя купальскіх песень – дадае Алег Рудакоў.

-Гэтыя песні падкрэсліваюць, што мы павінны жыць у гармоніі з прыродай. Яны прысвечаны Купалінцы, Купале, самому святу, расліннаму свету. У песнях аддаецца павага прыродным стыхіям – агню і вадзе. Ёсць асаблівасць: на Купалле песні спяваюць толькі дзяўчаты. Чаму? Бо гэтыя песні падкрэсліваюць яднанне з прыродай, якая ў гэты час квітнее. А новае жыццё – гэта дзяўчына, жанчына.

Да таго ж нашыя продкі верылі, што жанчыны найбольш прыбліжаны на нячыстай сілы. Вядома, што ў Купальскую ноч нячысцікі выходзяць і кантактуюць з людзьмі. Таму дзяўчатам трэба заўсёды рабіць абярогі з кветачак – вяночкі. Яны плятуць іх разам, сядаюць у кола і спяваюць абярогавыя песні, каб даць вяночкам магічную сілу.

Іншым разам нашыя продкі верылі, што нячыстая сіла можа і дапамагаць. Той жа самы лесавік можа вывесці з лесу, можа дапамагчы знайсці папараць-кветку. Таму не трэба іх крыўдзіць, але жыць у гармоніі.

Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе – атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі клады і разумець мову звяроў. Каб адшукаць яе, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці ў такі лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам.

Алег Рудакоў перакананы, што традыцыя купальскай ночы вельмі ўнікальная для беларукага народа.

-Традыцыя Купальскай ночы вельмі ўнікальная для беларускага народа. Яна паказвае характар нашага народа, нашу адметнасць. Традыцыя Купалля захавалася нягледзячы на ўвесь глабалістычны свет, хрысціянізацыю. Я вельмі рады, што традыцыя падтрымліваецца сучаснай моладдзю. Яе не толькі трэба захоўваць, але і вывучаць, распаўсюджваць. Нашыя старажытныя традыцыі даюць нам сілу. Працягваюцца нашыя традыцыі, працягваецца наш род. Гэта вельмі важна.

Спадар Алег ідзе далей і мяркуе, што 23 і 24 чэрвеня павінны быць выходнымі днямі, каб усе беларусы маглі адраджаць і клапаціцца пра супольную беларускую традыцыю.

ав