Беларуская Служба

Год таму пачаўся працэс, які вядзе да незваротных зменаў у дзяржаве і ў свядомасці беларускага грамадства

20.07.2021 09:28
Тое, што адбылося на працягу апошняга года, будуе новую нацыю.
Аўдыё
  -
Ілюстрацыйны здымак - бчб сцягфота: БСПР/нг

Амаль роўна год таму ў Беларусі пачаўся працэс, які вядзе да незваротных зменаў у дзяржаве і ў свядомасці беларускага грамадства. Можа здавацца, што мэта не дасягнутая – не ўдалося правесці паўторных, свабодных і дэмакратычных выбараў, вельмі шмат людзей пацярпела за свае погляды і ўдзел у пратэстах. 

Тым не менш, тое, што адбылося на працягу апошняга года, будуе новую нацыю, а справу неабходна давесці да канца, – мяркуе прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

- Народ Беларусі зрабіў свой выбар 9 жніўня. Мы прайшлі вялізны шлях да будаўніцтва новай дзяржавы, да будаўніцтва дэмакратыі ў краіне. Вельмі важна разумець: нягледзячы на тое, што нам вельмі цяжка, неабходна давесці справу да канца. Мы павінны разумець, што мы цяпер працуем на многія пакаленні наперад, для нашых дзяцей і нашых унукаў. Тое, што не было зроблена старэйшымі пакаленнямі, нам трэба даесці да канца, да лагічнага завяршэння.

Што можна сказаць беларусам, якія ўжо вельмі стомленыя ад таго, што адбываецца ў іх краіне, многія страчваюць веру ў перамогу, у тое, што ўдасца наладзіць свабодныя, дэмакратычныя выбары. Што вы маглі б сказаць гэтым людзям, як іх падбадзёрыць?

- Пытанне ў нашай непахіснасці, у нашай волі. У тым, што калі мы ідзем да перамогі, то мы да яе дойдзем. Калі ж мы вырашым развярнуцца і пайсці назад, то ў гэтым не будзе ніякага сэнсу. Дарэчы, назад агулам няма шляху. Таму ў дадзеным выпадку неабходна спакойна працягваць нашу справу, і крок за крокам мы прыйдзем да мэты. Вялікі шлях пачынаецца з першага кроку, а мы з вамі прайшлі вялізную частку шляху. Усё, што мы рабілі на працягу года, мы рабілі не дарма. І мы не можам цяпер сказаць: добра, канец. Так адбыцца не можа.

А чаму так важна давесці справу да канца? Некаторыя людзі ў Беларусі могуць сказаць: маўляў, давайце спынімся, ужо ж столькі людзей пацярпела, столькі сядзіць у турме, канца не бачна рэпрэсіям, навошта нам гэта трэба?

- Я паўтару яшчэ раз: тое, што не было даведзена да канца ў 90-ыя гады старэйшым пакаленнем, прыходзіцца заканчваць нам. Калі цяпер, па нейкай прычыне мы апусцім рукі і не давядзем справу да перамогі, то гэта азначае, што гэты жах мы пакінем наступным пакаленням – нашым дзецям і нашым унукам. Мы не можам да гэтага дапусціць. Столькі ахвяраў ужо было складзена на гэты алтар, неабходна давесці справу да канца. Цяжка? Так, цяжка. У нас засталося мала сілаў, нам цяжка бачыць вялізную колькасць людзей у турмах і тых, каму прыйшлося з’ехаць. Аднак у рэжыму няма рэсурсаў. У іх няма ні сілаў, ні сродкаў, ні інтэлектуальнай базы, няма нармальных рашэнняў. Яны знаходзяцца ў глыбокім крызісе і калапсе. Гэта ўсё разбурыцца дастаткова хутка, але для нашых палітвязняў у турмах, канешне, важны кожны дзень. Таму нам важна зрабіць усё як мага хутчэй, каб было менш гора і слёзаў нашых родных і блізкіх. І я ўпэўнена, што гэта ў нас атрымаецца.

Ці можна сабе ўявіць, што год таму, пасля выбараў 9 жніўня, або яшчэ перад днём галасавання, падзеі маглі б пайсці іншым шляхам, што нешта было, магчыма, зроблена не так, як неабходна было зрабіць?

- Разумееце, гэта вельмі цяжка сабе ўявіць, паколькі першы крок, які быў бы зроблены інакш, пацягнуў бы за сабою зусім іншае развіццё здарэнняў. Скажам, калі б пайшлі на Акрэсціна, працягвалі б наступаць, а адтуль пачалі б страляць і вялікая колькасць людзей была б забітая, людзі б абурыліся, узялі камяні, палкі, кінуліся на сілавікоў, тады рэальна маглі б увайсці расійскія войскі. Кожны момант, які выглядаў бы інакш, мог бы пацягнуць за сабою такія рэчы, якія нам нават цяжка ўявіць. Таму немагчыма сказаць, што можна было зрабіць інакш. Адно можна сказаць напэўна: тое, што было зроблена, было зроблена моцна, гэта вядзе да адраджэння беларускага народу, да стварэння новай палітычнай рэальнасці, да фармавання зусім іншай палітычнай культуры. Людзі пачалі разумець, што такое дэмакратыя і як гэта – быць адказным перад сабой, перад сваімі калегамі, перад будучым. Гэта вельмі каштоўна: нараджаецца зусім іншае грамадства, паявілася салідарнасць, гонар, якіх раней зусім не было. Цяпер людзі ўжо разумеюць, што сапраўдная дэмакратыя будзе не тады, калі Лукашэнка сыдзе, а тады, калі мы другі раз пасля гэтага абярэм сабе прэзідэнта. Дэмакратыя будзе тады, калі мы будзем галасаваць не паводле партрэту, а паводле праграмы кандыдата, калі мы будзем ведаць, што ён сабою ўяўляе, і што сабою ўяўляе тая або іншая партыя. Калі ў выбарцаў будуць веды, калі будуць стварацца новыя партыі, і калі мы будзе разумець, як працуе ўся сістэма – ад пачатку да канца.

нг