Беларуская Служба

У Торуні была распачатая сёлетняя праграма «Польскі турыстычны брэнд»

27.07.2021 15:03
Турысты з розных дзяржаў свету ўсё больш цэняць магчымасць адпачынку ў Польшчы і знаёмства з яе славутай гісторыяй.
Аўдыё
Помнік Мікалаю Каперніку ў Торуніфота: Pixabay/Mateusz_foto

Польшча – краіна, у якой шмат гістарычных ды прыродных багаццяў. Гаворка, канешне, не ідзе пра карысныя выкапні, а пра месцы, якія цікава паглядзець турыстам. Тут ёсць і мора, і горы, і старажытныя замкі, і дрымучыя лясы, і шматлікія блакітныя азёры ды рэкі. І турысты з розных дзяржаў свету ўсё больш цэняць магчымасць адпачынку ў Польшчы і знаёмства з яе славутай гісторыяй.

Праўда, мінулы год, а таксама бягучы, 2021, былі асаблівымі. З-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі турыстычны рух на свеце амаль што замер, турызм ледзь-ледзь пачынае адраджацца, але пандэмія калісьці закончыцца, і турысты вернуцца на звыклыя маршруты. І паступова маштаб турызму будзе вяртацца да ўзроўню, які быў перад пандэміяй. А экскурсіі па Польшчы ахвотна выбіраюць як самі жыхары краіны, так і замежнікі. У 2018 годзе палякі падарожнічалі на 19% больш, чым трыма гадамі раней. У сваю чаргу, колькасць замежных турыстаў у тым жа 2018 годзе вырасла на звыш 17%. Дзеля таго, каб утрымаць гэтую пазітыўную тэндэнцыю, быў створаны праект «Польскі турыстычны брэнд», які прасоўвае цікавыя для турыстаў аб’екты ў дзяржаве.

Сёлета праграма «Полькі турыстычны брэнд» стартавала ў цэнтральна-заходняй частцы Польшчы – у горадзе Торунь. Гэты адносна невялікі горад, далёка яму да метраполіі, вядомы ён перш за ўсё месцам нараджэння і працы славутага астранома Мікалая Каперніка ды сваімі пернікамі, але там ёсць шмат цікавых аб’ектаў, з якімі варта пазнаёміцца. Часам, дарэчы, Торунь называюць «Кракавам поўначы», аб чым казала віцэ-міністр развіцця, працы і тэхналогіі Івона Міхалэк.

- Мяне цешыць, што гэта будзе ў Торуні – горадзе, які з’яўляецца турыстычнай жамчужынай Польшчы. Як заўсёды казаў спадар прэм’ер Яраслаў Говін, Торунь – гэта Кракаў поўначы. Торунь – прыгожы, старажытны горад, тут шмат турыстычных аб’ектаў.

Намеснік міністра развіцця Анджэй Гут-Мастовы адзначыў, што Торунь можа быць выдатным прыкладам будаўніцтва Польскай турыстычнай маркі. Ён дадаў, што важныя не толькі гістарычныя аб’екты, з якімі палякі маглі ўжо даўно пазнаёміцца. Важна таксама, каб гасцям прапанаваць дадатковыя цікавыя рэчы, як хаця б пернік, які стаў сімвалам Торуні, а таксама развіваць іншыя, чым толькі звычайныя экскурсіі, галіны турызму, напрыклад, рэлігійны турызм.

- Мы вырашылі, што новы сезон конкурсу «Польскі турыстычны брэнд» неабходна пачаць менавіта ў Торуні. Тут, у гэтым горадзе, умеюць будаваць турыстычныя маркі. Канешне, тут турысты маюць што паглядзець – шмат гістарычных аб’ектаў, готыкі, якімі спакон вякоў славіцца Торунь. Важна, што турыстам тут прапануюць новыя цікавыя рэчы. Дынамічна развіваюцца новыя галіны турыстычнай прапановы менавіта тут, у Торуні. Гэта дыверсіфікацыя турыстычнага патоку – ёсць актыўны турызм, шмат роварных сцяжынак, магчымасць адпачыць на беразе Віслы. Дзякуючы актыўнай працы на гэтым полі прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, няма такой негатыўнай з’явы, якая назіраецца ў шматлікіх іншых вельмі папулярных сярод турыстаў аб’ектах – стомленасць мясцовых жыхароў ад турыстаў. Тут гэтага няма. І гэта добры прыклад для іншых гарадоў, не толькі ў Польшчы, як павінна праходзіць развіццё гораду і развіццё турызму, такім чынам, каб не было адмоўных з’яваў, і каб не паяўляліся прапановы – маўляў, давайце закрыем горад для турыстаў.

Мэр Торуні Міхал Залескі расказаў, як улады гораду падыходзяць да пытання развіцця турызму.

- Мы не глядзім толькі на Стары горад, шукаем іншыя месцы ў Торуні, якія можна прапанаваць наведаць турыстам. Канешне, нельга не сказаць, што мінулы год быў спакайнейшы з увагі на турыстычны рух. Было менш гасцей, якія прыязджалі ў Торунь з іншых гарадоў Польшчы ды з-за мяжы. Сярод турыстаў большасць складалі жыхары нашай краіны. Паводле нашых падлікаў, у мінулым годзе горад наведала прыкладна 900 тысяч гасцей. Для параўнання, два гады таму – 2,5 мільёны. 900 тыс. наведала Торунь летась, у тым ліку 90% – палякі. Але гэта таксама цешыць, гэта прымушае шукаць новыя імпульсы развіцця турызму. Трэба прапанаваць турыстам новыя, цікавыя рэчы, каб прыцягнуць іх увагу. На маю думку, замежных турыстаў у гэтым ды наступным годзе не будзе шмат, іх будзе столькі, колькі летась або крыху больш.

Торуні ўдалося стварыць свой турыстычны брэнд, і нават не адзін, горад можа быць прыкладам месца, дзе з аднаго боку камфортна жывецца мясцовым жыхарам, а з другога боку – ёсць што паказаць турыстам.

І Пр. ПР/нг