Беларуская Служба

Польшча дачакалася першы медаль Алімпійскіх гульняў

28.07.2021 14:53
Жаночая каманда ў веславанні чатырохасабовых лодак здабыла першы медаль для Польшчы падчас Алімпійскіх гульняў 2021 у Токіа.
Аўдыё
  • Польскія надзеі на медалі могуць яшчэ здзейсніцца
   -,  ,
Сярэбраныя медалісткі Агнешка Кобус-Завойска, Марта Вялічка, Мар’я Сайдак і Катажына Зілман PAP/Leszek Szymański

Гэткім чынам Польшча пасля найгоршага за апошнія дзесяцігоддзі пачатку Гульняў нарэшце апынулася на п'едэстале. Так спартоўцы, як і заўзятары спадзяюцца больш медалёў.

У Польшчы ноч з 27 на 28 ліпеня, а ў Токіа раніца мелі быць антыдотум на польскую немач падчас Алімпійскіх гульняў 2021. З шасці фіналаў у камандным веславанні польскія экіпажы прымалі ўдзел у чатырох. І прынамсі ў двух з іх разлічвалі на медалі. Канчаткова ўдалося ўзяць прыз толькі ў адной гонцы – чатырохасабовым веславанні жанчын. Польская каманда на апошніх 500 метрах абагнала Аўстралію і Нямеччыну і прайграла толькі кітайкам, якія дадаткова здабылі сусветны рэкорд. Каманда ў складзе Агнешка Кобус-Завойска, Марта Вялічка, Мар’я Сайдак і Катажына Зілман не скрывала сваіх эмоцый пасля знакамітага фінішу і здабыцця першага алімпійскага медаля для Польшчы:

-Я сама ў шоку, бо мы не пачалі з першай пазіцыі, але ўдалося абагнаць і здабыць другое месца. Мы верылі ў тое, што зможам, сабралі ўсе сілы, каб абагнаць немак, нідэрландак... Думаю, што гэта было тое, да чаго мы здольныя, і мы шчаслівыя. Ёсць нагода для радасці, а іх мала апошнім часам. Таму сёння мы сапраўды рады.

-Срэбра ўжо на шыі. Гэта цудоўныя адчуванні, мы здзейснілі свае мары і мы вельмі вельмі шчаслівыя. Любім усіх вас, усіх заўзятараў, дзякуем вам! Срэбра гэта не толькі наш поспех, але таксама нашага трэнера, нашых заўзятараў. Дзякуем, што мы - у вашых сэрцах, а вы - у нашых.

-Што сказаць? Гэта была добрая гонка, шкада што не на золата, але можа гэта ў будучыні. Я рада і сёння мы будзем святкаваць.

Дзяўчатам удалося здабыць медаль у апошнім з чатырох «польскіх» фіналаў. Таму, нягледзячы на тое, што гонкі распачаліся а 2:30 польскага часу, эмоцыі не адпускалі заўзятараў да апошняй хвіліны. Раней за жаночую каманду плыла мужчынская. Хоць яны былі фаварытамі ў вачах букмекераў, удалося заняць толькі чацвёртую пазіцыю. Да бронзы не хапіла 0,3 секунды. Гэта не першы раз, калі польскія весляры прайгралі фінальную гонку на менш чым секунду. Чацвёртае месца яны занялі і ў 2016 у Рыа-дэ-Жанэйра і 2004 у Афінах. На наступныя медалі дасведчанаму экіпажу прыйдзецца чакаць да 2024 года.

Медальныя шанцы ў пакуль няўдачлівай для Польшчы Алімпіядзе страцілі чарговыя фаварыты букмекераў і аналітыкаў. Польская каманда ў баскетболе 3 на 3 не змагла прайсці групавы раўнд і закончыла яго на сёмым месцы пасля толькі двух перамогаў. Чатыры з прайграных матчаў заканчваліся ў апошніх секундах або ў дадатковым часе. Апошні матч супраць Бельгіі супернікі палякаў выйгралі кідком, калі да канца заставалася 0,7 секунды. Няўдачы адразу пасля матчу пракаментавалі прадстаўнікі Польшчы па баскетболе 3 на 3 Пшэмыслаў Замойскі і Павел Паўлоўскі:

-Нам вельмі прыкра, што мы закончылі гэты матч у такіх абставінах. Кідок з нялепшай пазіцыі, са сцягна – гэта здаецца горшае, што можа быць у апошняй секундзе. Не хапіла шчасця, бо апошні кідок, калі засталося 0,7 секунды – гэта толькі фактар шанцавання. Я б сказаў, што з такіх кідкоў 1 на 10 трапіць у кош. І ім гэта ўдалося.

Медалёў не дачакаюцца польскія тэнісісты, прынамсі ў аднаасабовай гульні. Восьмая ракетка сярод жанчын Іга Свёнтэк, якая з’яўляецца надзеяй польскага тэніса, прайграла ў другім раўндзе іспанцы Паўлі Бадосе. Губерт Гуркач, які некалькі тыдняў таму дайшоў да паўфіналу прэстыжнага Уімблданскага турніру, аказаўся горшым ад брытанцы Лаяма Броуды. Сёння ў чвэрцьфінал прайшла змяшаная пара Іга Свёнтэк-Лукаш Кубот, якія даюць яшчэ надзеі на медаль у гэтым відзе спорту. Для 20 гадовай тэнісісткі алімпійскі медаль – гэта здзяйсненне мараў. Для яе 39 гадовага партнёра - гэта апошні шанец на вялікі міжнародны поспех. Легенда польскага тэніса Войцех Фібак кажа, што перамога над французскай парай была фармальнасцю.

-Гэта была фармальнасць, якая ўскладнялася час ад часу. Фармальнасць, таму што Іга Свёнтэк у некалькі разоў лепшая за Ф'ёну Фэро, а перадусім у парных гульнях у яе больш досведу, больш магчымасцяў. Лукаш таксама гуляе цудоўна, але ён на тым жа ўзроўні, што француз Гербер. Так што гэта было чакана, што яны змогуць перамагчы французаў. Магчыма, крыху шчасця было ў тым, што яне не гулялі супраць іспанцаў, бо яны маглі быць нашмат цяжэйшымі супернікамі. Усё склалася цудоўна.

Наступны матч польская змешаная пара гуляе заўтра з прадстаўнікамі Расійскага алімпійскага камітэту. Спадзяемся, гэта не будзе апошні матч польскіх тэнісістаў.

Сярод тых, хто мае яшчэ шанцы на медалі, варта ўспомніць пра польскіх валейбалістаў, якія пакуль выйгралі два, а прайгралі адзін матч. У суботу распачынаюцца змаганні лёгкаатлетаў, сярод якіх палякі таксама бачаць будучых чэмпіёнаў. Першыя дні Гульняў паказалі аднак, што спадзяванні не супадаюць з рэчаіснасцю, таму, калі ўдасца выраўняць вынік з Рыа і атрымаць 10 медалёў, гэта будзе поспех.

аев

Алімпійскія гульні пачынаюцца ўжо ў пятніцу

21.07.2021 14:28
339 – на працягу крыху больш чым двух тыдняў столькі алімпійскіх чэмпіёнаў атрымае свае золата.