Беларуская Служба

Польскія ВНУ запрашаюць студэнтаў з замежжа вучыцца ў Польшчы

03.08.2021 16:04
Для прыкладу, у мінулым навучальным годзе ў адной толькі Варшаўскай палітэхніцы вучылася 210 беларусаў.
Аўдыё
Politechnika Warszawska; zdjęcie ilustracyjne
Politechnika Warszawska; zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Stepniak

Польскія ВНУ запрашаюць замежнікаў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Па прычыне сур’ёзнага палітычнага ды эканамічнага крызісу ў Беларусі, шмат беларусаў задумваюцца над магчымасцю выехаць з краіны, хаця б на нейкі час. Вучоба ў Польшчы можа даць такую магчымасць.

Лета ў разгары, самы лянівы час на працягу ўсяго года, але гэта гарачы перыяд у супрацоўнікаў польскіх вышэйшых навучальных устаноў, паколькі якраз цяпер праходзіць працэс адбору студэнтаў, якія пачнуць 1 кастрычніка атрымліваць веды на адной з соцень вышэйшых навучальных устаноў у Польшчы.

За апошнія некалькі дзясяткаў гадоў сістэма вышэйшай адукацыі ў Польшчы пайшла дынамічна наперад. Унікальная з’ява ў краіне – вялікая колькасць вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку прыватных. Дзякуючы вялікай канкурэнцыі, кошт навучання тут ніжэйшы, чым у многіх іншых еўрапейскіх краінах, а якасць адукацыі высокая, і тым больш польскія ВНУ сталі прывабныя для жыхароў Усходняй Еўропы пасля таго, як краіна ўвайшла ў Еўрапейскі Саюз.
Вучоба ў польскай ВНУ дае магчымасць пазнаць багатую культуру і гісторыю польскай дзяржавы, убачыць шматлікія даўнія, а нават унікальныя ў сусветным маштабе гістарычныя помнікі, летам адпачываць на моры, возеры, у гарах або лясах, а таксама пазнаць багатыя кулінарныя традыцыі краіны.

Адной з самых папулярных польскіх ВНУ з багатай, звыш стогадовай традыцыяй дзейнасці, з’яўляецца Варшаўская палітэхніка (Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт). Яна рыхтуе студэнтаў, між іншым, на такіх папулярных кірунках, які будаўніцтва, архітэктура, праграмаванне, механіка і шмат іншых.

Па словах выконваючага абавязкі прэс-сакратара ВНУ Кшыштафа Шыманьскага (Krzysztof Szymański), паміж польскімі вышэйшымі ўстановамі ідзе жорсткая канкурэнцыя за студэнтаў, у тым ліку за студэнтаў з-за мяжы.

- У гэтым праблема многіх ВНУ на свеце – што мясцовых студэнтаў з кожным годам становіцца ўсё менш, таму ідзе барацьба за замежных кандыдатаў. Тым больш, што цяпер адносна лёгка распаўсюджваць інфармацыю пра ВНУ – практычна ўвесь працэс інфармавання кандыдата і нават магчымасць падаць дакументы перанесены ў інтэрнэт. Крыху статыстыкі, калі гаворка ідзе пра беларускіх студэнтаў. Сёлетні працэс набору студэнтаў яшчэ працягваецца. Таму я не магу назваць лічбы, колькі паступіла ў нашу ВНУ новых студэнтаў з Беларусі, але паводле дадзеных на канец мінулага году, у нас было 210 студэнтаў з Беларусі. Для параўнання – усіх замежных студэнтаў у нас 1710.

Тэхнічная адукацыя патрабуе, як правіла, больш працы і аддачы ад студэнта, чым працэс атрымання гуманітарных ведаў, хаця ёсць, канешне, выключэнні. Тым не менш, лічыцца, што політэхнічная ВНУ – не для ўсіх. Існуе моцна замацаваны стэрэатып, што гэта хутчэй месца для мужчын, для хлопцаў, а не для дзеўчын. З гэтым стэрэатыпам ВНУ стараецца на кожным кроку змагацца.

- У выпадку політэхнічных ВНУ вялікі патэнцыял ёсць яшчэ сярод жанчын. Таму мы рэгулярна ладзім такія акцыі, як «Дзеўчыны на палітэхнікі!», якія павінны паказаць, што тэхнічная адукацыя адкрытая таксама для жанчын. Па традыцыі вучыцца на палітэхнікі часцей ідуць хлопцы, але часы змяніліся. Цяпер праца пасля політэхнічнай адукацыі зусім не звязана з пераносам цяжкіх прадметаў ці іншымі сілавымі дзеяннямі, цяпер гэта звязана хутчэй з такімі элементамі, у якіх жанчыны выдатна спраўляюцца – гэта праектаванне, планаванне, пошук новых рашэнняў. Так што мы заахвочваем дзеўчын ісці да нас вучыцца, супрацоўнічаем з сярэднімі школамі. Канешне, каб перамагчы гэты стэрэатып, неабходна шмат намаганняў, трэба пачынаць яшчэ з пачатковай школы, а нават раней, з сям’і, бацькі павінны паказваць дзяўчынкам, што матэматыка – гэта цікава, а не страшна. Дарэчы, на свеце сярод выбітных навукоўцаў сціслых навук ёсць вельмі шмат жанчын. Абсалютна нельга сказаць, што матэматыка – не для жанчын. Разумныя бацькі павінны прапанаваць дзецям гульні, звязаныя з матэматыкай, з геаметрыяй, а старэйшым дзецям, школьнікам, прапанаваць кнігі, якія прадстаўляюць матэматыку не як свет сухіх лічбаў, а як усё тое, што нас акружае.

Такім чынам, Варшаўская палітэхніка запрашае вучыцца не толькі палякаў, але таксама ахвотна прымае замежнікаў, у тым ліку беларусаў, не толькі мужчын, але таксама і жанчын. Вучэльня мае багатую праграму стыпендыяй, якія можна атрымаць за добрыя вынікі вучобы, а студэнты з Беларусі, якія адчулі пераслед з боку беларускіх уладаў, могуць скарыстацца праграмай імя Кастуся Каліноўскага. Яна дапамагае працягнуць адукацыю ў Польшчы актывістам з Беларусі, якія трапілі пад пераслед за сваю грамадскую пазіцыю.

нг