Беларуская Служба

Смерць Віталя Шышова – гэта папярэджанне

05.08.2021 10:33
Польскія службы павінны сачыць за асяроддзем беларускай апазіцыі дзеля яе бяспекі, лічыць былы супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
    ,      ,     .
Справа беларускага актывіста Віталя Шышова, знойдзенага павешаным у парку ў Кіеве, мабілізавала не толькі ўкраінскія службы.PAP/EPA/STEPAN FRANKO

Справа беларускага актывіста Віталя Шышова, знойдзенага павешаным у парку ў Кіеве, мабілізавала не толькі ўкраінскія службы, піша Ізабэля Кацпшак у сваім артыкуле ў выданні Rzeczpospolita.

«Польшча з дапамогай сваіх службаў, у асноўным контрвыведкі, павінна інтэнсіўна сачыць за асяроддзем беларускай апазіцыі дзеля яе бяспекі. Пасля справы Шышова можна меркаваць, што КДБ Беларусі дзейнічае за мяжой», – кажа былы супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Сябры Віталя Шышова заяўляюць, што перад смерцю ўкраінскія службы папярэдзілі беларускага актывіста, што ў «патоку меркаваных бежанцаў» ва Украіне ёсць таксама беларускія агенты КДБ.

Тым часам беларуская эміграцыя ўжо год пераязджае ў Польшчу, шукаючы прытулку ад пераследу з боку рэжыму. Цягам апошняга году польскую гуманітарную візу атрымала рэкордная колькасць беларусаў.

Прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк падкрэслівае, што ў выпадку гуманітарных віз для беларусаў, упраўленне праводзіць гэтак званыя кансультацыі па запыце, па просьбе консульства. Усё робіцца праз інтэрнэт.

«Мы правяраем гісторыю міграцыі дадзенай асобы: ці яна не знаходзілася ў краіне незаконна ці не з'яўляецца непажаданай асобай на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Такога чалавека таксама правяраюць службы», – тлумачыць Дудзяк.

Аднак былы супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі лічыць, што чыноўнікі не ў стане старанна праверыць кожную з гэтых асоб, як гэта адбываецца з працэдурамі атрымання статусу бежанца.

«У паліцыю або памежную службу накіроўваюцца пытанні, ці ёсць гэты чалавек у базе дадзеных асоб, якія могуць прадстаўляць пагрозу бяспецы дзяржавы. Вось і ўсё», – распавядае былы афіцэр.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач прызнаў надоечы, што «ні адзін актывіст апазіцыі, як на тэрыторыі Беларусі, так і іншых краін, сапраўды не можа быць цалкам спакойным». «Мы ў Польшчы ведаем пра гэта, таму прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб тыя, хто знаходзіцца на польскай тэрыторыі, адчувалі сябе ў бяспецы», – запэўніваў віцэ-міністр.

Учора прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі загадаў Міністэрству ўнутраных спраў і Службе бяспекі Украіны ахоўваць беларусаў, якім можа пагражаць небяспека, нагадвае Rzeczpospolita.

аз