Беларуская Служба

Людзі, якіх ніхто не хоча

27.11.2021 11:12
Пісьменнік: Можна казаць, што гэтыя людзі прыехалі сюды дзеля грошай, што гэта іх віна, аднак яны апынуліся ў пастцы.
.
.PAP

Тыднёвік Newsweek публікуе гутарку з пісьменнікам і філосафам Міраславам Мінішеўскім (Mirosław Miniszewski), які жыве ў памежнай зоне, дзе цяпер аб'яўлена надзвычайнае становішча. Пісьменнік дапамагае мігрантам у мясцовасці Уснаж-Горны.

Ён распавядае, што стаў дапамагаць яшчэ ў жніўні, калі ў ваколіцы сталі зʼяўляцца групы мігрантаў. Спачатку, яны спакойна хадзілі па мястэчку. Мясцовыя жыхары іх не баяліся, бо гэтыя людзі нікому не шкодзілі, не былі агрэсіўныя. Потым стала прыязджаць усё больш машын Памежных службаў. Калі ўпершыню ноччу тэмпература ўпала ніжэй за 10 градусаў, пачала паступаць інфармацыя, што ў лесе блукаюць людзі, якія зусім не ведаюць што рабіць. Група мясцовых жыхароў адрэагавала.

Бо як не рэагаваць, калі за сто метраў да тваёй хаты ў халодную ноч падыходзяць людзі з дзецьмі, просяць ваду, ежу, – кажа Мінішэўскі. Кола тых, хто быў гатовы дапамагаць,  пастаянна пашыралася. – Можна казаць, што гэтыя людзі прыехалі сюды дзеля грошай, што гэта іх віна, аднак яны апынуліся ў пастцы.

Пісьменнік расказвае, што гэтыя людзі часта запалоханыя. Яны сустракаюцца з непрыемнымі сітуацыямі і тут, і там, з адным адрозненнем – у нас ім не даводзіцца плаціць за аказаную дапамогу, бо на беларускім баку яны мусяць плаціць за кіпень, за падзарадку тэлефона, за ежу.

Міраслаў Мінішеўскі моцна перажывае за тое, што адбываецца з гэтымі людзьмі, што іх ніхто не хоча прымаць, прызнае, што яны сапраўды нікому не патрэбныя, але ж нельга такім чынам ставіцца да чалавека. Пісьменнік так расчараваны палякамі, якія крытыкуюць гуманны і гуманітарны падыход да мігрантаў, што хоча пакінуць Польшчу. Бо і ён сам 20 гадоў таму таксама быў нелегальным мігрантам у Лондане.

Я тут нікому не патрэбны з маімі каштоўнасцямі, поглядамі, эмпатыяй і падыходам да чалавека. Мне тут не месца, – расказаў тыднёвіку Newsweek пісьменнік і філосаф Міраслаў Мінішэўскі.

яс