Беларуская Служба

Нядаўна са спазненнем выйшаў «Беларускі штогоднік»

02.12.2021 15:34
У выданні апісаны падзеі 2020 года, якія сталі пераломнымі ў жыцці Беларусі.
Аўдыё
  • "Беларускі штогоднік" аналізуе падзеі апошніх 1,5 года
Ілюстрацыйны здымакфота: Pexels/Pixabay.com

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі. Яны закранаюць не толькі палітычна актыўных грамадзян, але таксама аналітыкаў, якія робяць прагнозы на будучыню і аналізуюць мінулыя ды бягучыя падзеі. Так, ужо амаль паўгода знаходзіцца ў следчым ізалятары палітолаг і аналітык, рэдактар рэсурсу «Наша меркаванне» Валерыя Касцюгова. Яна таксама з’яўляецца рэдактарам і аўтарам «Беларускага штогодніка». Гэта зборнік аналітычных артыкулаў, прысвечаных важнейшым падзеям у Беларусі. Была арыштаваная таксама адна з аўтараў выдання Вольга Лойка. Нягледзячы на гэта, штогоднік выйшаў.

Прадстаўляючы важнейшыя дасягненні мінулага года, якія апісаны ў выданні, экспертка нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей адзначыла, што 2020 год стаў пераломным для беларусаў. Яны пачалі адчуваць сябе народам, а дэмакратычны свет убачыў, што беларусы сталі суб’ектам палітыкі, у свеце ўрэшце заўважылі існаванне і пачулі голас беларускага народа.

- Фактычна новы «Штогоднік» – гэта падручнік па найноўшай гісторыі Беларусі. Мінулы год стаў паваротным для Беларусі і для беларусаў, ён вельмі шмат чаго змяніў. Мы бачым, што значная частка грамадства бачыць сябе, сваіх суседзяў і сваю краіну зусім інакш. На пачатку 2020 года была пандэмія, а пазней выбарчая кампанія, якая паказала беларусам, што кожны з іх можа і павінен унесці свой уклад у тое, як развіваецца краіна, прыняць удзел у грамадскім жыцці. У мірных пратэстах прыняло ўдзел тры чвэрці мільёна чалавек. Гэта рэкордныя лічбы ў гісторыі Беларусі, якія паказваюць не толькі паварот у мысленні людзей, але таксама ў іх гатовасці дзейнічаць. У сваю чаргу, беларускі рэжым скараціўся да рэпрэсіўнай функцыі, паўтара года ён знішчае ўсё, што можа быць яго апазіцыяй. Штогоднік апісвае псіхалагічную траўму беларускага грамадства ў мінулым годзе – гэта пандэмія, звязаныя з ёй смерці, пазней рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя вялікай часткі актыўных людзей. Сённяшні крызіс уладам вельмі цяжка будзе закончыць. З другога боку, не толькі беларусы бачаць сябе інакш. Таксама свет інакш глядзіць на беларусаў. Гэта не толькі бягучая павестка – рэпрэсіі, пасадка самалёта Ryanair, цяперашні міграцыйны крызіс на мяжы, але таксама тое, што беларускі народ бачыцца заходнімі партнёрамі не аб’ектам палітыкі, а суб’ектам. Гэта вельмі вялікае дасягненне мінулага года.

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі казаў пра тое, што неабходнасць пераменаў наспявала ў беларускім грамадстве задоўга да падзеяў лета 2020 года. І ўзгадаў, што перад выбарамі рэжым гуляў незалежніцкай картай, а пагроза незалежнасці бачылася перш за ўсё з усходу, а не з захаду. Улады самі разумеюць, што змены неабходныя, і дзеля гэтага праводзіцца канстытуцыйны рэферэндум.

- Штогоднік дазволіў зірнуць на беларускія падзеі ў перспектыве 2,5 гадоў. Ёсць у беларускім грамадстве попыт на новы сацыяльны кантракт. Гэта ўсведамлялася ўладамі, перш за ўсё самім Лукашэнкам, і раней. Гаворка пра канстытуцыйную рэформу, якая ў агульных абрысах з’яўлялася ўжо ў 2019 годзе. Па меры набліжэння выбараў рэжым гуляў на незалежніцкай карце, прычым, пагроза прадстаўлялася хутчэй з усходу, чым з захаду, паколькі рэжым хацеў захаваць добрыя адносіны з захадам. Улады разумелі, што наспелі змены, праўда, рэжым не асабліва хоча мяняцца і ўсяляк імкнецца пазбегнуць уражання, што ён пад прэсінгам кагосьці нешта робіць. Але тое, што змены наспявалі здаўна, азначае, што яны ў той ці іншай форме будуць, дзеля гэтага праводзіцца канстытуцыйны рэферэндум. Гэтыя змены нясуць рызыку самому рэжыму, паколькі пасля 27 гадоў аўтарэформа мае пабочныя эфекты.

«Беларускі штогоднік» – гэта зборнік аналітычных тэкстаў, у якіх прадстаўнікі экспертнай супольнасці Беларусі падводзяць вынікі года ў розных сферах. Выданне рэгулярна выходзіць з 2003 года.

нг