Беларуская Служба

Сітуацыя на мяжы спакайнейшая, мігранты не здаліся, але памянялі тактыку

08.01.2022 09:54
Мігранты зразумелі, што прасцей перайсці праз мяжу ў малых групах, ім актыўна дапамагаюць беларускія памежнікі.
Аўдыё
  • Нелегальная міграцыя з Беларусі
 .
Ілюстрацыйны здымак. Мяжа Польшчыфота: Twitter.com/@Straz_Graniczna

Кожную ноч з Беларусі спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу дзясяткі мігрантаў. Сітуацыя крыху супакоілася, але, па словах польскіх памежнікаў, да канца крызісу яшчэ далёка, а мігранты памянялі тактыку – яны ўжо не прарываюцца праз мяжу вялікімі групамі. 

Яшчэ нядаўна мігранты збіраліся большымі групамі, спрабавалі сілаю прарвацца праз мяжу, пры дапамозе беларускіх памежнікаў, якія асляплялі польскіх сілавікоў лазерамі. Цяпер жа мігранты зразумелі, што прасцей перайсці праз мяжу ў малых групах, таму яны памянялі тактыку, – адзначае афіцыйная прадстаўніца Польскай памежнай варты Ганна Міхальска.

- Групы, якія цяпер спрабуюць перайсці мяжу, як правіла меншыя. Гэта 4-5 чалавек або і менш. Гэтыя групы выдатна падрыхтаваныя да нелегальнага пераходу мяжы. Беларускі бок вельмі стараецца, каб гэтыя людзі прарваліся праз мяжу. Няма ўжо часовых лагераў пражывання мігрантаў уздоўж мяжы. Мы бачым, што гэтых людзей прывозяць на машынах з лагістычнага цэнтра ў Брузгах. На лініі мяжы ніхто не качуе.

Беларускія сілавікі актыўна дапамагаюць мігрантам у спробах нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Паводле слоў Ганны Міхальскай, апошнім часам усё часцей мігранты спрабуюць пераплыць памежную раку, у тым ліку на пантонах. Гэта не было бы магчыма без актыўнай дапамогі беларускіх службаў.

- Апошнія спробы пераплыць раку Свіслач паказваюць, што беларускія службы правяраюць, дзе іншаземцаў можна пераправіць праз мяжу. Надоечы чацвёра грамадзян Індыі перайшлі раку там, дзе не было глыбока. Хтосьці ім паказаў гэтае месца. Цяпер Свіслач можа замярзаць, так што мігранты спрабуюць пераходзіць па лёдзе.

Віцэ-міністр нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч кажа, што ў святочны перыяд сітуацыя крыху супакоілася, але сапраўды, у выніку марознага надвор’я ўсё часцей мігранты прадпрымаюць спробы перайсці памежную раку. Не толькі Свіслач, але таксама і Буг.

- Раней больш працы па стрыманні нелегальнай міграцыі было ў памежнікаў на паўночным адрэзку мяжы з Беларуссю, на Падляшшы. Сёння ўсё часцей мігранты спрабуюць перайсці раку Буг, асабліва тады, калі атмасферныя ўмовы гэта дазваляюць. Замёрзлая зямля дазваляе таксама падысці да мяжы там, дзе раней былі балоты. І таму мы стараемся рэгулярна кантраляваць таксама тыя месцы, дзе яшчэ некалькі тыдняў таму здавалася, што перайсці праз мяжу вельмі цяжка.

Беларускія памежнікі ды іншыя сілавікі, відаць, атрымалі заданне кожнаю цаною перакінуць мігрантаў праз мяжу. І яны вельмі актыўна садзейнічаюць нелегальнай міграцыі. Прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын напісаў у сацсетках, што «беларускія службы актыўна назіраюць за сітуацыяй на мяжы і кіруюць групамі замежнікаў». Яны добра ведаюць мяжу, таму кіруюць нелегалаў туды, дзе ёсць магчымасць прабрацца незаўважаным на тэрыторыю суседняй краіны. «Гэта можа быць вельмі небяспечна для саміх мігрантаў. Беларускіх памежнікаў абсалютна не цікавіць іх лёс. Да іх ставяцца выключна як да інструменту прэсінгу супраць Захаду», – дадаў Жарын.

У сераду вечарам і ў чацвер польскія памежнікі вялі пошук нелегальнага мігранта з Егіпту, які пасля перасячэння мяжы заблудзіўся на балоце каля ракі Нарвы. Памежнікам удалося знайсці мужчыну.

На працягу сутак з чацвярга да пятніцы беларуска-польскую мяжу спрабавала нелегальна перайсці 18 чалавек. Каля мясцовасці Чарэмха група некалькіх дзясяткаў мігрантаў спрабавала сілаю прарвацца праз мяжу. У польскіх памежнікаў кідалі камяні і галіны дрэваў.

Раней у Памежнай службе Польшчы паведамлялі, што за 2021 год польска-беларускую мяжу імкнуліся незаконна перайсці амаль 40 тыс. чалавек. Найбольш такіх спробаў – 17, 5 тыс. – было ў кастрычніку.

IAR PR/нг