Беларуская Служба

Сёння каталікі ў Польшчы моляцца за мір ва Украіне

26.01.2022 13:51
Гэта адказ старшыні Епіскапату Польшчы арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага на заклік Папы рымскага Францішка.
Аўдыё
  • Сёння каталікі ў Польшчы моляцца за мір ва Украіне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ri_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння ў каталікі ў Польшчы адзначаюць Дзень малітвы і посту за мір ва Украіне. Гэта адказ старшыні Епіскапату Польшчы арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага на заклік Папы рымскага Францішка.

У апошнюю нядзелю пасля традыцыйнай малітвы Анёл Панскі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, папа Францішак выказаў глыбокую заклапочанасць ростам напружання, якое, паводле яго, пагражае міру ва Украіне, бяспецы ў Еўропе і ўсім свеце. «Хто рэалізуе свае мэты за кошт іншых, той не паважае ролі чалавека. Усе мы створаныя братамі», – нагадаў кіраўнік Каталіцкага касцёла.

Папа Францішак заклікаў усіх людзей 26 студзеня маліцца ў інтэнцыі міру, а таксама сачыць за тым, каб кожная акцыя і палітычная ініцыятыва служылі, перш за ўсё, чалавечаму братэрству.

Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвалдас Кульбокас заявіў ватыканскім СМІ, што Францішак з’яўляецца рэлігійным лідарам, які карыстаецца найбольшым грамадскім даверам ва Украіне.

Таму, дадаў ён, яго заклік Папы падбадзёрыў украінцаў і дзякуючы гэтаму яны ведаюць, што яны не адны. Ватыканскі дыпламат, які паходзіць з Літвы, адзначыў таксама, што канфлікт, які доўжыцца на ўсходзе Украіны ўжо восем гадоў, умацаваў украінцаў.

«Канечне, трывога ёсць, але ў той жа час я заўважаю і вялікую любоў да Радзімы, рашучасць, каб у неабходнасці выканаць свой патрыятычны абавязак», – дадаў ён.

Арцыбіскуп Кульбокас адзначыў, што любоў да Украіны «аб’ядноўвае ўкраінцаў». «Менавіта гэты канфлікт таксама аб’яднаў краіну», – ацаніў ён.

Старшыня Групы «Дапамога Касцёлу ва Усходняй Еўропе» ў Епіскапаце Польшчы ксёндз Лешак Крыжа(Leszek Kryża) падкрэсліў, што малітва асабліва патрэбная ў сітуацыі пагрозы і адсутнасці вынікаў дыпламатычных перамоў:

- Па-першае, пагроза вайны вельмі вялікая, хоць мы надалей маем надзею, што ёй удасца пазбегнуць. Па-другое, бачна, што ўсе гэтыя дыпламатычныя захады і размовы пакуль не прыносяць канкрэтных вынікаў. Тым больш малітоўная падтрымка патрэбная. Для мяне асабіста, гэта таксама доказ салідарнасці і паўсюднасці Касцёла.

Апрача таго, малітоўная салідарнасць з нашым бліжэйшым суседам, якім з’яўляецца Украіна – гэта нашы абавязак, лічыць святар:

- Украіна апынулася ў пастцы, а гэта, нагадваю, наш бліжэйшы сусед, пра якога мы павінны асабліва памятаць і клапаціцца. Апрача таго, ва Украіне пражывае буйная польская абшчына, якая просіць памяці і падтрымкі.

Як адзначае ксёндз Лешак Крыжа, жыхары Украіны па сённяшні дзень адчуваюць наступствы ўзброеных дзеянняў, якія пачаліся ў 2014 годзе. У ваколіцах Данецка пастаянна чуваць стрэлы, нагадаў святар:

- Мой калега-святар працуе ў Данецку, я нават наведваў яго. Там кожную ноч адбываецца перастрэлка. Пра гэта ўжо нават спынілі гаварыць. Зараз у СМІ зноў пачалі пра гэта гаварыць у сувязі з канцэнтрацыяй расійскіх войскаў на мяжы. Мясцовыя жыхары, можна сказаць, прывыклі да прысутнасці вайскоўцаў, але зараз у сувязі з апошнімі падзеямі на мяжы яны таксама больш хвалююцца.

«Вайна – гэта заўсёды параза для чалавецтва», – напісалі каталіцкія біскупы Польшчы і Украіны ў супольнай заяве ў сувязі з небяспекай ваенных дзеянняў ва Украіне.

Як сказаў прэс-сакратар Канферэнцыі Епіскапату Польшчы ксёндз Лешак Гэнсяк (Leszek Gęsiak), біскупы падкрэслілі, што вайна ніколі не з'яўляецца добрым рашэннем канфлікту:

- Яны падкрэслілі, што сітуацыя з’яўляецца пагрозай для ўсяго еўрапейскага кантынента і яна можа знішчыць дасягненні многіх пакаленняў, якія будавалі мір і адзінства Еўропы. Біскупы падкрэслілі, што кожная вайна – гэта няшчасце, і яна не можа быць спосабам вырашэння міжнародных праблем.

Іерархі заклікалі ўстрымацца ад ваенных дзеянняў і заахвочвалі да дыялогу з мэтай прадухілення небяспекі ваенных дзеянняў:

- Любое разыходжанне інтарэсаў павінна рэгулявацца пагадненнем, а міжнародная супольнасць павінна сумесна і паасобку абʼяднаць свае намаганні і актыўна ды ўсімі магчымымі спосабамі падтрымліваць грамадства, якое апынулася ў пагрозе.

«Акупацыя Данбаса і Крыма даказала, што Расійская Федэрацыя, парушаючы дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, грэбуе абавязковымі нормамі міжнароднага права», – падкрэслілі біскупы.

Да малітоўнай салідарнасці з Украінай заклікалі таксама кіраўнікі паасобных дыяцэзій у Польшчы. Пярэмышльскі арцыбіскуп Адам Шаль заахвочваў вернікаў да супольнай і індывідуальнай малітвы за мір ва Украіне. З заклікам да малітвы выступіў таксама біскуп вроцлаўскай дыяцэзіі Кшыштаф Вэнткоўскі. У сваю чаргу, а 19-й гадзіне ў кафедры святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве адбудзецца імша за мір ва Украіне. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі аб’яднання «Апока» з Украіны, Беларусі, Расіі і Казахстана. Пасля імшы адбудзецца супольная малітва ля магілы благаслаўлёнага кардынала Стэфана Вышынскага.

За мір ва Украіне сёння моляцца не толькі ў Польшчы. Увечары малітву за Украіну ў базіліцы Маці Божай у рымскім раёне Трастэверэ ўзначаліць кіраўнік ватыканскай дыпламатыі арцыбіскуп Пол Галахер.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Партугаліі таксама абвясціла 26 студзеня – Днём малітвы за мір ва Украіне. У сувязі з гэтым іерархі заклікалі ўсе дыяцэзіі і каталіцкія ўстановы краіны арганізоўваць малітвы ў гэтай інтэнцыі.

IAR / аз

Дарадца прэзідэнта Польшчы: Зараз Украіна чакае палітычнай падтрымкі з боку Польшчы

23.01.2022 17:34
У сувязі з пагрозай з боку Расіі, зброю ва Украіну адпраўляюць, у тым ліку, Вялікабрытанія і краіны Балтыі.

Члены НАТА абмеркавалі сітуацыю на ўсходнім флангу і ва Украіне

25.01.2022 08:31
У анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел, між іншым, лідары ЗША, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, НАТА і ЕС.