Беларуская Служба

СААЗ: дзеці ў Польшчы набіраюць вагу найхутчэй у Еўропе

19.05.2022 13:13
Дашкольнік з атлусценнем пераважна застаецца вучнем з атлусценнем.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Верагоднасць таго, што дашкольнік з атлусценнем стане дарослым з атлусценнем, у чатыры разы большая, чым у яго аднагодкаў са здаровай масай цела, – адзначаюць у Нацыянальным фондзе здароўя.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя СААЗ паведамляе, што дзеці ў Польшчы набіраюць вагу найхутчэй у Еўропе. Праблема залішняй масы цела адносіцца да 10 працэнтаў дзяцей ранняга ўзросту да 3 гадоў, 30 працэнтаў дзяцей малодшага школьнага ўзросту, 22 працэнтаў падлеткаў да 15 гадоў.
Доктар Катажына Рольф з Жэшаўскага ўнівэрсітэту заявіла ў сацрэкламе, падрыхтаванай Нацыянальным фондам аховы здароўя, што вельмі важна фармаваць добрыя харчовыя звычкі ў дзяцінстве, якія будуць служыць на ўсё жыццё.

- Дашкольнік з атлусценнем пераважна застаецца вучнем з атлусценнем. Сярод фактараў, якія спрыяюць развіццю атлусцення знаходзіцца вельмі малая фізічная актыўнасць дзяцей і падлеткаў. І на жаль, час на фізкультурныя заняткі пастаянна скарачаецца. Другі фактар – гэта лішняя колькасць нездаровай ежы. Трэці фактар – празмернае спажыванне. У дзяцей і падлеткаў мала руху таму ў іх меншыя патрэбы ў калорыях.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што наступствамі атлусцення ў дзяцей і падлеткаў з'яўляюцца: праблемы з канцэнтрацыяй і памяццю, а значыць і з навучаннем, эмацыйныя засмучэнні, нізкая самаацэнка і самакрытыка, часта сацыяльная ізаляцыя і ў будучыні развіццё хранічных неінфекцыйных захворванняў. Ім пагражаюць такія захворванні, як цукровы дыябет II тыпу, рак, захворванні касцёва-сустаўнай сістэмы або павышаны ціск.

IAR/яс


Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка