Беларуская Служба

У правінцыі закрываюць школы - няма дзяцей

11.04.2024 18:01
На Падкарпацці пададзена 14 заяваў на ліквідацыю навучальных устаноў.
Ілюстрацыйны здымакCL-Medien / Shutterstock

Куратар па адукацыйных установах (гэта адпавядае раённаму аддзелу адукацыі ў Беларусі, — Рэд.) у Жэшаве атрымаў 14 заяў аб ліквідацыі навучальных устаноў. Для 12 з іх упаўнаважаны вынес станоўчае заключэнне. Яшчэ дзве школы пакуль атрымалі адмову, паведаміла Польскаму радыё Катажына Квятаноўска-Радкевіч, прэс-сакратар Управы па адукацыі ў Жэшаве:

— Найбольш распаўсюджанай прычынай ліквідацыі школ з'яўляюцца дэмаграфічныя пытанні. Адказныя органы адзначалі таксама патрэбу ў паляпшэнні дзецям умоваў навучання і звязанае з гэтым выраўніванне адукацыйных шанцаў, або рацыяналізацыю арганізацыі сеткі школ і садкоў у сваёй муніцыпальнай адзінцы.

У асноўным праблемы закранаюць малыя мясцовасці. Напрыклад, у гміне Дыдня закрываюцца пачатковыя школы ў вёсках Нэвістка і Абажым. Дзяцей няма, таму школы непазбежна закрываюцца, кажа Яланта Беда, дырэктар Аддзялення па адукацыі ў вёсцы Дыдня:

— У згаданыя школы бацькі не запісалі ніводнага дзіцяці. Ёсць школа, ёсць будынак, але няма дзяцей, таму мы распачалі ліквідацыйныя працэдуры гэтых школ. Працэс працягваецца.

Адукацыя ў Польшчы фінансуецца ў асноўным за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту, якія перадаюцца органам мясцовага самакіравання ў выглядзе субсідый і датацый. Прыкладна 62% адукацыйных субсідый атрымліваюць муніцыпалітэты. Недахоп дзяржаўных сродкаў школы папаўняюць за кошт уласных рэсурсаў і са сродкаў Еўрапейскага Саюза, розных фондаў і прыватных крыніц.

Памер адукацыйнай субсідыі вызначаецца ў адпаведнасці з алгарытмам, прынятым на канкрэтны год, і размяркоўваецца паміж адзінкамі мясцовага самакіравання ў залежнасці ад колькасці вучняў. Пры разліку субсідый улічваецца заангажаванасць педагогаў у падвышэнне кваліфікацыі, колькасць навучэнцаў-інвалідаў, тып школы і інш.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка

У Харкаве завершана будаўніцтва першай падземнай школы

05.04.2024 15:03
Раней з-за расійскіх атак урокі праводзіліся ў калідорах метро.