Беларуская Служба

Мая Церакулава: Беларуская медыцынская сістэма забяспечвае даступнасць паслуг, але дактары стомленыя і праходзяць праз выгаранне

13.05.2023 09:08
Педыятр Мая Церакулава страціла працу ў Беларусі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Яна вымушана пераехала ў Польшчу з траімі дзецьмі, цяпер сям'я жыве ў Беластоку. Мы пагаварылі са спадарыняй Маяй пра тое, як у Польшчы медыкі пацвярджаюць дыпломы, пра адаптацыю дзяцей і адрозненні ў сістэме аховы здароўя.
Аўдыё
  • «З плюсаў – стажыроўка, рэзідэнтура тут аплочваецца, прыкладна напалову ад стаўкі ўрача, што ўжо больш за заробак у Беларусі»
Мая ЦеракулаваФота з прыватнага архіву героя

Слухайце матэрыял у далучаным файле!

Мая Церакулава праз зʼехала з Беларусі напрыканцы мінулага года. Яна доктар-педыятр: медыцынскі ўніверсітэт сканчвала ў Казахстане, апошнія сем гадоў жыла і працавала ў Беларусі. Спадарыня Мая гаворыць, што працэдура пацверджання дыплома для доктара апынулася больш складанай, чым яна меркавала, бо найперш трэба вывучыць вялікі абʼём медыцынскай лексікі.

— Каб пацвердзіць дыплом з СНД — беларускі, казахскі, як у імам выпадку, трэба прайсці некалькі стадый. Па-першае, пацвердзіць сам дыплом праз афіцыйную арганізацыю, то бок пацвердзіць сапраўднасць самога дыплома. Па-другое, трэба здаць экзамен па польскай медыцынскай мове. Для дактароў будзе сюрпрыз, што медыцынская мова з латыні перакладзеная ўся. То бок няма нашых прывычных міжнародных тэрмінаў. Усе назвы медыцынскіх працэдур, хваробаў, дыягназаў, нават вынікі аналізаў — усё перакладзена. Вучыць давядзецца шмат, вельмі шмат. І калі нехта думае, што латынь – яна і ў Афрыцы латынь, то ў Афрыцы можа і латынь, але ў Польшчы не. Трэцяе — трэба здаць экзамен, ён праходзіць у чатыры этапы, гэта адзін з самых складаных экзаменаў для тых, хто прыязджае. І ёсць экзамен, які можна параўнаць з выпускным экзаменам з медыцынскага ўніверсітэту.

Пасля экзаменаў дактары праходзяць стажыроўку, якая залежыць ад спецыялізацыі. Для дактароў агульнай практыкі, такіх, як педыятры, тэрапеўты, стажыроўка доўжыцца чатыры месяцы, вузкапрофільныя спецыялісты, напрыклад, імунолагі, кардыёлагі стажыруюцца год і пасля гэтага становяцца дактарамі агульнай практыкі, калі ж хочуць вярнуцца ў свой вузкі профіль, мусяць прайсці адпаведную рэзідэнтуру, то бок вучыцца далей.

—  З плюсаў — стажыроўка, рэзідэнтура тут аплочваецца, прыкладна напалову ад стаўкі ўрача, што ўжо больш за заробак у Беларусі, — адзначае суразмоўца.

Жанчына цяпер вучыць мову, адаптуецца, прымае новыя ўмовы жыцця. Гаворыць, што спачатку была нацэленая на тое, што ўжо восенню будзе здаваць экзамен па медыцынскай польскай мове, але два месяцы навучання яе, як кажуць, прызямлілі. Яна прызнаецца, што за шэсць месяцаў наўрадці паспее засвоіць у патрэбны матэрыял. 

У Польшчу Мая прыехала з трыма дзецьмі ва ўзросце ад дзесяці да пяці гадоў. Дачка Ева, мае асаблівасці развіцця, дыягназ аўтызм. Адпаведна трэба разумець, што жанчыне трэба шмат часу надаваць выхаванню дзяцей. Дарэчы, Мая яшчэ ў Беларусі шмат выказвалася публічна па тэме выхавання дзяцей з асаблівасцямі, не замоўчвала праблему. У Польшчы жанчына атрымала міжнародную абарону, ёсць сацыяльныя выплаты на дзяцей, гэта дазваляе сціпла жыць, забяспечваць свае патрэбы.

Паколькі Мая Церакулава публічная асоба, часам яна звяртаецца па дапамогу да людзей, якія чытаюць ейныя выказванні ў інтэрнэце, падтрымліваюць яе пазіцыю. Мяркуем, гэта добры прыклад салідарнасці. Напрыклад, нядаўна жанчына звярнулася з просьбаю дапамагчы ёй набыць патрэбны інструмент, каб мець магчымасць рамантаваць мэблю, якую псуюць дзеці. Мая гаворыць, што людзі жыва адгукнуліся, і яна змагла купіць тое, на што грошай у сямейным бюджэце не было.

«Калі і разлічваеш на сацыяльныя выплаты, трэба разумець, што да моманту, калі ты іх атрымаеш, можа прайсці палова года. І гэты час трэба за нешта жыць. Канешне, пераязджаць няпроста, і пацвярджаць дыплом, і вучыць мову. Нават каб купіць сабе і дачцэ абутак не за дорага ў вялікім гандлёвым цэнтры, я патраціла дзень. Шмат часу сыходзіць, каб даведацца, дзе і што знаходзіцца, як працуе. Дома ты ўсё гэта ведаў», —  заўважае жанчына.

Мая гаворыць, што ў Польшчы яна найперш не баіцца за сваю свабоду:

— Самы хуткі адказ — мяне тут у турму не пасадзяць. А наконт ладу жыцця, узроўню жыцця — так, Польшча адрозніваецца ад Беларусі. Напрыклад, яны рана прачынаюцца, працоўны дзень часта з сямі да шаснаццаці. У шэсць раніцы ўжо ўсе некуды едуць, у Беларусі яшчэ мала каго сустрэнеш. Касцёлы на кожным кроку. Калі кватэру здымаеш, рыэлтар адзначае касцёл сярод важных абʼектаў. Я атэістка з мусульманскай краіны, мне гэта цікава. З іншага боку арыентуюцца ўсе на іх — каля чырвонага касцёла, каля белага касцёла. Яшчэ тут няма зусім кепскіх кватэр – ёсць рамонт, набор тэхнікі. Мне здаецца, што гэта сведчыць пра ўзровень жыцця, які яны бачаць прымальным для сябе.

На просьбу пракаментаваць медыцынскую сістэму, Мая заўважае, што ў Польшчы нераўнамерны доступ да медыцынскай дапамогі. Напрыклад, прыёму ў вузкіх спецыялістаў можна чакаць некалькі месяцаў.

«Сярэдні запіс да псіхіятра – тры-чатыры месяцы. У Беларусі можна было патрапіць у дзень, калі табе трэба, я ведаю, бо ў дачкі ёсць патрэбы ў такіх спецыялістах», – тлумачыць доктарка.

Але ў некаторых момантах наадварот – усё робяць хутчэй і больш падрабязныя пратаколы дыягностыкі.

Мая разважае, што варыянт Беларусі, калі дактары прымаюць за змену дзясяткі пацыентаў, хаця па нормам мусяць у разы меншы, у нечым добры для пацыента, бо гэта забяспечвае даступнасць паслуг. Але ў такім разе гаварыць пра якасць не выпадае, дактары стомленыя і праходзяць праз выгаранне.

Дарэчы, гэты ж момант з зацверджанымі нормамі нагрузкі, якія не прынята парушаць, закрануў і дачку Еву. Усе месцы ў спецыялізаваных школах былі занятыя, і толькі пасля ўмяшання мэра Беластока дзяўчынку ўзялі ў адпаведны клас, у іншым выпадку яна, верагодна, мусіла б чакаць год. Затое ў такіх класах пяць дзяцей з псіха-фізічнымі дыягназамі, двое настаўнікаў – умовы для навучання, увага да гэтых дзяцей абсалютна на іншым узроўні.

Што тычыцца адаптацыі дзяцей, то, па словах Маі, найлепш пачуваецца малодшы сын, якому пяць гадоў – з дзецьмі ў садку ён камунікуе не зважаючы на мову, тое ж робяць і польскія дзеці. Ева, якая мае асаблівасці, не імкнулася і не імкнецца размаўляць з людзьмі, таму выглядае, што яе не турбуе пераезд у іншамоўную краіну. Найбольш складана старэйшаму сыну, яму дзесяць год, у Беларусі хлопчык быў выдатнікам у школе. Натуральна, цяпер яго адзнакі ніжэйшыя і гэта закранае яго гонар. Але матэматыка застаецца для яго сфераю, дзе можна быць упэўненым у сабе.

«Чым старэйшае дзіця, тым больш адаптацыя залежыць ад яго перфекцыянізму, асабістых маральных якасцяў», — мяркуе Мая.

вх