Беларуская Служба

У познаньскім універсітэце плануюць стварыць кафедру беларусазнаўства

25.02.2021 16:02
Інстытут рускай і ўкраінскай філалогіі Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані 9 сакавіка правядзе міжнародную навуковую канферэнцыю «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020)».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Распапоў пра беларусазнаўства ў Познані.
         (1920-2020).        ,  .
Сімвалам канферэнцыі «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020). Дыскурс супраціўлення» стаў плакат Арцёма Лоскутава «Звярэе сэрца, камянее кулак».Арцём Лоскутаў

Набліжаецца 9 сакавіка — важная дата ў гісторыі Беларусі. У гэты дзень у 1918 годзе ў Мінску Выканаўчы камітэт Рады Першага Усебеларускага з'езда абвясціў аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Неўзабаве, 25 сакавіка таго ж года, была абвешчана яе незалежнасць.

У сувязі з гэтым Інстытут рускай і ўкраінскай філалогіі Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані 9 сакавіка ў дыстанцыйным рэжыме (платформа Microsoft Teams або Zoom) правядзе міжнародную навуковую канферэнцыю «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020). Дыскурс супраціўлення».

У аргкамітэт канферэнцыі ўвайшлі дырэктар Інстытута рускай і ўкраінскай філалогіі Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані Ваўжынец Попель-Махніцкі, ад’юнкт гэтага інстытута Аляксандр Распапоў і супрацоўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін.


Аляксандр Распапоў. Аляксандр Распапоў.

Аляксандр Распапоў: — У красавіку 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт, які дзейнічаў да канца 1920 г. 14-15 лістапада 1920 г. адбыўся з'езд, падчас якога 107 дэлегатаў абралі Слуцкую беларускую раду з 17 чалавек. З'езд выказаўся супраць акупацыі беларускіх зямель і супраць новай савецкай улады. Успыхнуў Слуцкі збройны чын, які праіснаваў да 28 снежня таго ж года. Нягледзячы на тое, што ён быў нядоўгім і не меў поспеху, ён пакінуў след у гісторыі Беларусі, стаўшы прыкладам для іншых змагароў за незалежнасць краіны. Рэха гэтай падзеі засталося ў памяці нацыі. Ён знайшоў сваё адлюстраванне не толькі ў гісторыі, але і ў літаратуры і мастацтве.

Рух апазіцыі да саветызацыі працягваўся і набываў розныя формы на працягу ХХ стагоддзя, пакуль Беларусь не атрымала незалежнасць у 1991 годзе. Калі высветлілася, што Аляксандр Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы рухаецца да аўтарытарызму, ліквідуючы парламент і палітычных апанентаў, пратэсты ўзмацняліся. Гэта найбольш яскрава праявілася ў 2010 годзе, а потым з небывалай сілай – у 2020 годзе пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў, якія былі сфальсіфікаваны.

Гістарычны вопыт паказвае, што кожны акт супраціўлення ці нават супрацьдзеяння або незадаволенасці палітыкай русіфікацыі ў Беларусі сустракае жорсткую рэакцыю ўлад. Адразу ўзнікаюць рэпрэсіі, накіраваныя на падаўленне любога, нават самага маленькага, жэсту непадпарадкавання.

Мы прапануем больш уважліва разгледзець розныя формы пратэсту. Мы хочам больш глыбока паразважаць не толькі пра гістарычныя падзеі, цесна звязаныя з дыскурсам супраціўлення, але і, магчыма, перш за ўсё, пра яго шматлікія ўвасабленні ў літаратуры і мастацтве.

Канферэнцыя будзе міжнароднай і міждысцыплінарнай, таму нам вельмі важна паглядзець на вышэйзгаданыя праблемы з літаратурнай, гістарычнай, палітычнай, рэлігійнай і культурнай перспектыў.

Галоўныя тэмы і праблемы канферэнцыі: рух супраціўлення ў Беларусі ў 1920-2020 гг.: людзі, формы, кантэкст; акцыя „Мінская вясна” 1996-1997 гг.; Дзяды; Марш свабоды 1999 г.; палатачны гарадок 2006 г.; Плошча-2010; беларускі „самвыдат”; дзейнасць аб'яднанняў „Тутэйшыя”, „Tалака”; мова супраціўлення ў беларускай паэзіі, прозе і драматургіі; эстэтычнае вымярэнне актаў супрацьстаяння афіцыйнай культуры; перфарматыўнасць сучасных форм пратэсту; беларускія песні пратэсту, прыклады вулічнага мастацтва, плакатнага мастацтва; дзеячы культуры супраць улады; беларускі дыскурс супраціўлення ў лічбавую эпоху.

Рабочыя мовы канферэнцыі: польская, беларуская, англійская, руская. Па выніках канферэнцыі плануецца публікацыя яе матэрыялаў у выглядзе рэцэнзаванага навуковага выдання.

Аляксандр Распапоў спадзяецца, што міжнародная навуковая канферэнцыя «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020). Дыскурс супраціўлення» стане адным са штуршкоў да з’яўлення кафедры беларусістыкі ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост