Беларуская Служба

Алена Глагоўская: Янка Брыль бараніў у 1939 годзе не Вэстэрплятэ, а Гдыню

02.01.2020 10:03
Гісторык Алена Глагоўская даследуе лёсы выдатных беларускіх грамадска-палітычных і культурных дзеячаў у Польшчы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Глагоўская пра беларусаў у Польшчы ў 1939 г.
            :      1939 .
Алена Глагоўская выступае на навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / уз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года».Viktar Korbut

У 2019 годзе адзначалася 80-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны, якая пачалася з нападу Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года. А 17 верасня СССР напаў на Польшчу і ўвёў войскі на заходнебеларускія землі. Гісторык Алена Глагоўская даследуе лёсы выдатных беларускіх грамадска-палітычных і культурных дзеячаў у Польшчы. Вывучаючы перыяд пачатку Другой сусветнай вайны, даследчыца адзначыла на навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / уз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года», што сярод мабілізаваных у Войска Польскае беларусаў былі і вядомыя імёны.

Алена Глагоўская: — Гэта ўрач пісіхіятр Станіслаў Грынкевіч, які быў урачом у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы на Беласточчыне, і ветэран беларускага руху падпаручнік Францішак Умястоўскі, ініцыятар выдання ў 1906 г. першай беларускай газеты “Наша доля”. Абодва трапілі ў савецкую няволю пасля 17 верасня 1939 г., бо служылі на ўсходзе Польшчы. С. Грынкевіч знаходзіўся ў Граеве, якое было ўключана ў склад БССР. С. Грынкевічу ўдалося ўцячы з савецкай няволі і дабрацца да Еразалімкі пад Вільняй. А Ф. Умястоўскі трапіў у савецкі лагер у Казельску і стаў адной з ахвяр у Катыні.

Значную частку беларускіх дзеячаў не мабілізавалі ў Войска Польскае ў сувязі з тым, што ўлады сумняваліся ў іх добранадзейнасці.

Частку з іх нават напярэдадні 1 верасня 1939 года пасадзілі ў турму ў Бярозе-Картузскай. А тых беларусаў, якіх прызвалі ў польскую армію, накіравалі ў вайсковыя адзінкі, якія знаходзіліся ўдалечыні ад іх родных мясцін.

Тут я магу ўспомніць пра будучага выдатнага беларускага пісьменніка, які прымаў удзел у абарончай вайне Польшчы ў 1939 годзе. Гэта Янка Брыль. Часта пішуць, што ён удзельнічаў у абароне Вэстэрплятэ. Аднак на самай справе ён прымаў удзел у абароне Гдыні, а не Вэстэрплятэ. І варта пачытаць яго кнігі, каб знайсці ў іх адказ на пытанне, дзе ён мог дэзерціраваць у Гдыні. Кашубы дэзерціравалі дадому. А куды беларусы?

Частка свядомых беларусаў, якія трапілі падчас абароны Польшчы ў нямецкі палон, пачалі супрацоўнічаць з немцамі. Аднак гэта не была масавая з’ява сярод палонных польскіх салдат беларускай нацыянальнасці.

Алена Глагоўская таксама падзялілася сямейнай гісторыяй. Яе бацька быў сведкам супольнага парада нямецкіх і савецкіх войск у Брэсце 22 верасня 1939 г.

Алена Глагоўская: — На наступны дзень пасля парада мая бабуля, беларуска, уцякла з горада да сваёй маці з усімі рэчамі, якія сабрала падчас жыцця ў міжваеннай Польшчы.

Так рабілі многія простыя людзі, каб выжыць. У інтэлігенцыі ж былі розныя падыходы. Пакуль адны свядомыя беларусы пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі, другія разлічвалі на развіццё беларускай культуры пад савецкай уладай, на “ўз’яднаных” ёй з БССР заходнебеларускіх тэрыторыях былой Польшчы.

Алена Глагоўская:  Першымі вызваленне адчулі на сабе вязні лагера ў Бярозе-Картузскай. Разам з уступленнем Чырвонай арміі яны вярнулі сабе свабоду. Дадому з Бярозы-Картузскай вярнуліся такія беларускія дзеячы, як Вячаслаў Багдановіч, Язэп Найдзюк, Уладзіслаў Паўлюкоўскі, Віктар Ярмалковіч, Янка Багдановіч.

Таксама ў той жа час былі вызвалены з віленскай турмы на Лукішках беларускія і камуністычныя палітычныя вязні, сярод якіх паэт Піліп Пестрак.

Аднак, канстатуе Алена Глагоўская, неўзабаве беларусы расчараваліся ў савецкай уладзе.

Алена Глагоўская:  Вядучыя беларускія дзеячы ў Вільні Ян Пазняк, Антон Луцкевіч, Антон Неканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Макар Касцевіч, Антаніна Астроўская, Віктар Астроўскі, Уладзімір Самойла, Вінцэнт Грышкевіч, Сяргей Бусел, Алёна Лекант, Сяргей Малафееў, Кастусь Глінскі былі арыштаваны і вывезены. Так скончыліся іх надзеі — часта нават смерцю, як у выпадку Антона Луцкевіча, Антона Неканды-Трэпкі і іншых.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост