Беларуская Служба

Іншаземцы масава прыязджаюць у Польшчу на працу

21.10.2020 16:11
У цяперашні час каля 75 адсоткаў іншаземцаў у Польшчы - гэта ўкраінцы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле дадзеных Дзяржаўнай страхавой кампаніі, у канцы верасня ў польскай сістэме сацыяльнага страхавання былі застрахаваныя 689 тысяч замежнікаў, то бок на 31 тысячу больш, чым у жніўні і на 19 тысяч больш, чым у лютым. Гэта рэкордны рост, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.  

„На пачатку эпідэміі мы назіралі адваротную тэндэнцыю. Гэта таму, што кампаніі ўпершыню касавалі кантракты з замежнікамі. Акрамя таго, напрыканцы сакавіка і пачатку красавіка частка з іх вырашыла з’ехаць з Польшчы самастойна з-за высокай нявызначанасці, звязанай з каранавірусам”, - кажа Лукаш Казлоўскі(Łukasz Kozłowski) з Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай страхавой кампаніі Павел Жэброўскі(Paweł Żebrowski) нагадвае, што доўгатэрміновая тэндэнцыя, якая працягваецца з 2004 года, то бок з моманту далучэння Польшчы да Еўрасаюза, зводзіцца да няўхільнага павелічэння колькасці іншаземцаў, якія легальна жывуць і працуюць у Польшчы. У цяперашні час каля 75 адсоткаў з іх – гэта ўкраінцы.

Эксперт па рынку працы Гжэгаж Кулісь (Grzegorz Kuliś) называе некалькі прычын апошняй тэндэнцыі.

„Па-першае, агенцтвы па працаўладкаванні ўжо прыстасаваліся да эпідэмічнай сітуацыі і часта прадастаўляюць замежнікам жыллё, калі пасля прыезду ў Польшчу, яны патрапяць на каранцін. Па-другое, вытворчаму сектару патрэбныя людзі дa працы. Асабліва пасля перанясення часткі вытворчасці з Кітая ў Еўропу”, - кажа эксперт. Ён таксама  нагадвае пра палітычную сітуацыю ва Украіне, якая паглыбляе мясцовы эканамічны крызіс.

У сваю чаргу Ерэмі Мардасэвіч(Jeremi Mordasewicz) з Канфедэрацыі Левіятан падкрэслівае, што замежнікі часта больш мабільныя, чым польскія грамадзяне. Таму яны прымаюць працу там, дзе ёсць попыт, і гэта заахвочвае кампаніі да іх працаўладкавання.

Паводле Мардасэвіча, у бліжэйшым часе сітуацыя ў Польшчы не зменіцца і польскія працадаўцы надалей будуць патрабаваць іншаземцаў да працы, у тым ліку, украінцаў. Эксперт дадае, што варта памятаць і пра праблемы, не звязаныя з эпідэміяй, у тым ліку  старэнне грамадства, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз