Беларуская Служба

Палякі вызначылі тэрміны спынення здабычы каменнага вугалю на асобных шахтах

04.05.2021 12:03
Польшча распрацоўвае працэс трансфармацыі горназдабыўной прамысловасці.
Аўдыё
  • Палякі вызначылі тэрміны спынення здабычы каменнага вугалю на асобных шахтах.
Шахтаhangela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што пагадненне паміж урадам і горнымі прафсаюзамі адносна паступовага спынення горназдабыўной прамысловасці да 2049 года адносіцца да працяглага перыяда. У інтэрв'ю TVP Info кіраўнік польскай дзяржавы заявіў, што энергетыка краін, якія раней поўнасцю працавалі на вугалю, патрабуе глыбокіх пераўтварэнняў. Ён адзначыў, што дамоўленасці, заключаныя з горным сектарам, прадугледжваюць паступовыя змены.

- Гэта будзе паслядоўнае, спакойнае і спланаванае дзеянне. У гэтым часе шахцёры будуць выходзіць на пенсію. Адначасова мы будзем рыхтаваць новых працаўнікоў для сучаснай эканомікі. Мы хочам накіроўвацца ў гэтым напрамку. Я часта размаўляю з шахцёрамі. У большасці выпадкаў праца пад зямлёй не з’яўляецца іхнай марай. Часта яны кажуць, што калі б маглі зарабіць столькі ў іншай працы, то ахвотна займаліся б нечым іншым.

Цяперашнім выклікам, з якім павінна справіцца польская эканоміка, з'яўляецца стварэнне сучаснага энергетычнага сектара, дадаў прэзідэнт.

- Сучасная энергетыка, гэта аднаўляльныя крыніцы і ахова клімату. Нашая задача справіцца з гэтым выклікам і быць у авангардзе. Менавіта таму План развіцця польскай энергетыкі прадугледжвае, што да 2030 году ўдзел энергіі з аднаўляльных крыніц складзе 32%, а да 2040 – больш за 40%.

Нагадваем у апошнюю сераду прафсаюзы і прадстаўнікі ўрада парафіравалі сацыяльнае пагадненне адносна трансфармацыі горназдабыўной прамысловасці ў Польшчы. Змест дакумента быў узгоднены пасля шматмесячных перамоваў.
Дакумент быў парафіраваны разам з некалькімі дадаткамі. Яны датычаць дзяржаўнай дапамогі, падтрымкі кампаній, звязаных з горназдабыўной прамысловасцю і інвестыцый у рэгіёне Сілезіі.

Таксама быў вызначаны тэрміны спынення здабычы каменнага вугалю на асобных шахтах да канца 2049 года. Аднак гэта не заканчвае працу. Грамадскі бок папрасіў два тыдні на кансультацыі са сваімі статутнымі органамі. Канчатковае падпісанне дакумента запланаванае ў сярэдзіне траўня. Наступным крокам будзе паведамленне Еўрапейскай камісіі аб прапанаваных рашэннях.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі