Беларуская Служба

Польшча не адмаўляецца ад патрабавання рэпарацыі ад Германіі за ваенныя страты

05.09.2019 12:10
Гэта доўгі працэс, важным элементам якога з’яўляецца грамадская падтрымка, як унутры Польшчы, так і за яе межамі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneNAC

Rzeczpospolita вяртаецца да пытання ваеннай рэпарацыі – кампенсацыі Польшчы з боку Германіі за страты, панесеныя ў часе Другой сусветнай вайны. Пра неабходнасць такой кампенсацыі нядаўна згадаў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі пры нагодзе адзначэння гадавіны пачатку вайны. У выданні інтэрв’ю з дэпутатам партыі «Права і справядлівасць» Аркадыюшам Мулярчыкам. Ён адзначае, што гэта доўгі працэс, важным элементам якога з’яўляецца грамадская падтрымка, як унутры Польшчы, так і за яе межамі. Падчас двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі нямецкай дзяржавы гэтая тэматыка закранаецца.

Пакуль што працягваецца працэс падліку страт, панесеных Польшчай у часе вайны. Ці існуе небяспека, што супрацьлеглы бок згадае пра пасляваенную перастаноўку межаў, у выніку якой Польшча атрымала заходнія землі, якія могуць лічыцца нейкай формай рэпарацыі? Так не павінна быць, – адзначае Мулярчык. Пра перасоўванне межаў у заходнім напрамку вялікія імперыі вырашылі без удзелу палякаў, таму гэтая справа не павінна быць прадметам дыскусіі падчас перамоваў аб ваеннай кампенсацыі. Акрамя таго, нельга забываць, што ў выніку пасляваенных зменаў тэрыторыя польскай дзяржавы зменшылася на амаль 78 тыс. кв. кіламетраў у параўнанні з даваеннай.

На думку Мулярчыка, дзякуючы тэме рэпарацый Польшча стане больш важным суб’ектам міжнароднай палітыкі, а немцам гэта прыгадае, што яны самі паступаюць крывадушна, паколькі інакш падыходзяць да палякаў, а інакш, напрыклад, да габрэяў ці народаў Заходняй Еўропы. Па словах дэпутата кіруючай партыі, толькі тады можна будзе казаць пра сапраўднае прымірэнне паміж польскім і нямецкім народамі, калі Германія выплаціць Польшчы рэпарацыі за ваенныя страты.

нг